Старонка:Барвенак (1924).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Люблю я месячык і зоры
Сонца радасны усход,
Чырвоны вечарам заход,
Туман, навісшы па-над морам;

І хваль магутных голас звонкі,
І лесу шум і рэчак бег,
Ручча ў лугох зялёных сьмех
І холад зімні, лета сьпёку;

І каласісту поля жнітву,
Дзе праліваўся калісь пот,
Пад хмарай цёмнаю клапот;
Дзе чалавек тварыў малітву

Над сошкай, плугам, бараною
З надзеяй сьветлаю ў вачох,
Дзе ніва шчасьце ў каласох
Прыносіць шчыра з дабратою…

1921 г.