Старонка:Барвенак (1924).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ХМАРЫ ПА НЕБЕ.

Хмары па небе плывуць, ня ўнімаюцца,
Думкі аб волі мае вырываюцца:
Хмары так хочуць шырокага, вольнага
Ў небе прастору, бясконца раздольнага,
Хочацца шпарка па небе лятаць.

Думкі-ж да шчасьця мае парываюцца,
Ў шыры бязьмернай яны расьцілаюцца:
Хочуць растацца з нядоляй зьвягліваю,
Хочуць абняцца з хвілінай шчасьліваю —
Долі і шчасьця прыждаць.

Капыль, 1910 г.