Старонка:Барвенак (1924).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БЕЗЬЗЯМЕЛЬНІК.

Ў чыстым полі на раздольлі
Разгуляцца-б мне з канём,
Ды ня дала доля поля —
Абазвала гультаём.

Рупнасьць маю, зухам дбаю;
За што-ж скрыўдзіла мяне —
Я ня знаю, не згадаю,
Ня прысьню і навет ў сьне…

Да работы ёсьць ахвота,
Сілы маю — хоць адбаў;
Ад цямноты да цямноты
Я-бы рупна працаваў.

Каб мець плуга, коней цугам
Я-б пусьціў па цаліне —
І ўсе недругі і другі
Пазайздросьцілі-бы мне.

А з пілою ці касою
Хто-бы справіўся са мной:
Ўміг сьцяў хвою, а з расою, —
Шамацеў-бы я травой.

А на ніве сьпелай жнівам —
Спрыт сярпа ў руцэ маёй;
Нешчасьліва і зьвягліва
Доля зіркае зьмяёй.