Старонка:Барвенак (1924).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НЯДОЛЬНЫ СЬПЕЎ.

Я чуў, як нядоляю ліра зьвінела
І зыкі нясьліся ад ёй чарадой.
І сэрца давіла мне нейкай нудой
І цела ад гора маё камянела.

Граў лірнік убогі, маліўся ён небу,
Зьвяртаў свае вочы к людзям;
Прыціснуўшы ліру к халодным грудзям,
Як ласкі вялікай, прасіў кусок хлеба;

А вецер сіберны шалеў і круціўся
І рэзаўся ў дзіркі яго зіпуна,
І мерзнулі рукі, хлусіла струна,
А ён ўсё ласкава прасіў і маліўся.

Эх, лірнік, і ліра, і мольбы і крыкі!..
Калі аддыхнеце ад сьлёз і бяды
І скінеце цяжар вялікай жуды,
Каб шчасьце спаткаці пад сьпеў і музыку?

1913 г.