Старонка:Барвенак (1924).pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У МАРОЗНУЮ НОЧ.

Ў небе зьяюць сьвечкі-зоры,
Ціха туляцца да сіні,
Што раскінулась, як мора,
І, здаецца, быццам стыне…

А мароз трашчыць сіберны,
Пухам крые, пухам сьцеле
Ўвесь абшар зямлі нязьмерны,
Нібы мяккую пасьцелю.

Крышталяцца срэбрам дрэвы,
Як прыгожыя ліхтарні;
Вецер зімнія напевы
Напявае ў вокны марна.

На вакнах узор-малюнак —
Не прабіць брані насланай,
Не падслухаць пацалунак
Ў хаце парачкі ўкаханай…