Старонка:Барвенак (1924).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ШЛЯХ КАХАНЬНЯ.

У цянёчку, у садочку
Сьперш спаткаўся я з табой,
Потым вечары і ночкі
Сустракалі чарадой…
Сьперш з дагадкай і аглядкай
Ў вочы ясныя глядзеў,
Як дзіцятка, родны братка
Аб каханьні табе пеў…
У прасторы ясны зоры,
Бляды месяц вартаваў;
Неба ўзоры гналі гора, —
Я з табою жартаваў!..
І сядзеці і глядзеці
Было сьвятам кожны раз:
Што на сьвеце трэ‘ больш меці, —
Як вянчацца ў добры час?
Доўгі дзікі пост вялікі!..
Каб прышоў вялікі дзень, —
Пад сьпеў, зыкі, звон музыкі
Мы адзелі-бы пярсьцень…