Старонка:Барвенак (1924).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕСЬНІ-ДУМКІ.

Песьні-думкі я складаю
З зораў ясных і праменьняў,
З дарагіх красой каменьняў;
Маладых сваіх імкненьняў
Я патроху прыкладаю.

Думкі-песьні адзяваю
З руты-мяты я вяночкам,
Коскай плеценай дзявочай,
Зіркам-бляскам іхніх вочаў
Думкі-песьні я ўбіраю.

А красой каб не завялі,
Каб ня зьбілі іх пяруны,
Я дару ім зелень руні;
Я даю ім зычны струны,
Каб аб шчасьці век сьпявалі…

1921 г.