Старонка:Барвенак (1924).pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВОСЕНЬ.

Восень, ой, восень, панурая, сумная,
Зноў ты прышла ўжо да нас,
Зноў разьляглася, як ночка, ты нудная,
Смутак навеяў твой час.

Дзе падзяваліся дні тыя ясныя,
Мілы што сэрцу майму;
Дзе яны, дзе яны, доўгія, шчасныя?
Нудна, маркотна ўсяму…

Многа ўспамінаў у душу нахлынула
Аб прамінуўшых тых днёх.
Ўсё праляцела, у далі загінула,
Ў марах салодкіх і снох.

Дзе тыя песьні, вясёласьці поўныя,
Лес што глушылі сабой?
Рэчак журчаньні дзе тыя чароўныя,
Ціха лілісь што вясной?

Дзе тыя краскі, так пекна цьвітучыя —
Луга бязьмерна краса? —
Ўсе асавелі, завялі пахучыя,
Іншых скасіла каса.

Дзе тая траўка, што так зелянелася
Пекнасьцю дзіўнай сваёй? —
Восеньню нуднай яна памарнелася —
Холадна стала і ёй…