„Ах, зьлітуйся, Тварэц! Крыўдна! Не магу цярпець,
Усякі львоў, сланоў ды барсаў славіць,
Аб іх ўсе гутараць з вяліка й да малога,
А вось аб нас, аслох, ніяк ня чуць нічога.
Ні гонару, ні славы! Ну, проста дзіва!
Ці-ж гэта добра, справядліва?
Тымчасам я, каб хоць з цялё узросту быў —
Дык пыхі-бы са львоў ды барсаў я пазьбіў,
І аба мне-б ўвесь сьвет загаманіў!“
Так, што ні дзень асёл да Бога лез,
І так яму урэшце надаеў,
Што зазлаваўшыся Зэвэс —
Аслу быдлём вялікім быць вялеў,
І даў яму пры гэтым голас дзікі;
Ды да таго, што новы гэркулес
Жах голасам на ўсіх навёў вялікі,
Аж дрыгануў ўвесь лес.
Пытаецца тут кожны: што за зьвер? З якога роду?
Ма’быць зубасты? А рагоў, дык мусіць бяз чысла?
Ну, словам—толькі й гутаркі, што пра асла!
Аднак-жа, не прайшло і году,
Як добра ўсе асла пазналі,
Бязглузьдзе і упартасьці асловы —
Ўвайшлі ў народныя прысловы,
А ім самім — ваду вазіць пачалі!
Калі хто розуму ня мае ад раджэньня,
Дык не паможа ўзрост ці палажэньне.
Здабыўшы іх — вялікім нейкі час здаецца,
Аднак — заўсёды дурань дурнем застаецца!
|}