Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пад блакітным небам далёкага Крыму, на ўбогіх брацкіх могілках, на ўскраіне г. Ялты знаходзіцца адзінокая магіла, у якой 10 гадоў таму назад знайшоў сабе апошні прытулак беларускі пясьняр М. Багдановіч. Сярод разбураных пахілых крыжоў здалёку віднеецца над ёй пастаўлены Інстытутам Беларускае Культуры невялічкі помнік, але ня родная бяроза схіляецца над ім сваімі ветлівымі і ласкавымі галінамі―непадалёку глядзяцца ў неба высокія зграбныя кіпарысы; нібы пэўныя вартаўнікі, адны яны ахоўваюць магільны супакой поэты.

"De mortuіs aut bene aut nіhel"-Аб нябожчыках або добрае або нічога". У працягу 10 гадоў беларуская крытыка сьвята і пабожна захоўвала гэты наказ мудрай старажытнасьці. Навакол аўтара „Вянка“ складаўся другі пахучы вянок чыстых імортэляй шчырага пракланеньня. Але для нас, сьвяткуючых зараз ужо 10 гадавіну з дня сьмерці поэты, ён ня толькі дарагі і любы сэрцу нябожчык, ― адначасна ён об'ект і бесстароннага навуковага дасьледваньня. Беларуская крытыка да гэтага часу пераважна спынялася на высьвятленьні формы творчасьці М. Багдановіча, формы сапраўды высокамастацкай, па праву выклікаючай панігірычнае захапленьне. Выказваліся думкі, што пясьняр―стылізатар беларускага вершу[1], што ў яго творчасьці аб'ядналіся два стылі―клясычны і романтычны[2], што ён тыповы-імпрэсыяністы[3] і г. д. Але наша крытыка, так грунтоўна спыніўшыся на формальных асаблівасьцях творчасьці М. Багдановіча, параўнальна мала ўвагі аддавала таму, што захоўваецца пад знадворнай бліскучай абалоньню мілагучных і рознастайных яго вершаў.

М. Багдановіч менш усяго слоўны жонглёр, для яго слова―гэта толькі формальнае выяўленьне глыбокіх ідэй, захованых эмоцый і рознастайных настрояў. Зграбныя і бліскучыя вершы поэты прасякнуты крывёй яго сэрца; у гэтых вершах гучаць ня толькі пераможныя гімны хараству, у іх адчуваецца стогн хваравітай і надломленай душы. Прыслухацца да

  1. І. Дзяржынскі. М. Багдановіч, як стылізатар беларускага вершу. "Адраджэньне", 1922 г.
  2. А. Узьнясенскі. Поэтыка Багдановіча. "Крывіч" 1926 г., № 11 (1).
  3. Піотуховіч. М. Багдановіч, як поэта імпрэсыяністы. "Полымя". 1923 г., № 7-8.