Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

наогул вельмі дасканалай і ўдалікатненай вэрсыфікацыі розных эпох і літаратур (пэнтамэтры, рондо, трыголеты, октавы, сонэты і г. п.). Калі прыняць пад увагу музычнасьць вершаванай мовы М. Багдановіча, яго заўсёднае, якое ня здрадзіла яму, пачуцьцё рытму, шчасьлівую рытмоўку радкоў і тую асаблівую чуласьць мастацкай меры, якая рэалізуецца ў кожнай яго вершаванай п'есцы, то трэба прызнаць, што ён, сапраўды, здолеў на слоўным матэрыяле беларускае мовы ажыцьцявіць шмат з таго, што выпрацавана ў галіне мэтрыкі іншымі літаратурамі.

Што датычыць ідэолёгічнай часткі літаратурнай спадчыны М. Багдановіча, то на першы погляд можа здацца, што яна ня досыць выразна і ня досыць устанавілася нават для яго эпохі. Але пры больш уважлівых да яго адносінах, усё-ж такі прыдзецца згадзіцца з тым, што ён, ня гледзячы на сваю маладосьць і раньнюю сьмерць, выказаў у сваіх творах найбольш каштоўныя культурныя і соцыяльныя імкненьні свайго часу, якія склаліся ў гады пералому старога быту ў бок новай соцыяльнасьці нашых дзён.

М. Багдановіч рана стаў адчуваць сваю хваробу і ведаў, што век яго кароткі, і ўвесь час, пачынаючы з першых крокаў сваёй літаратурнай чыннасьці, баяўся, што сьмерць перарве яго працу і ня дасьць яму магчымасьці пакінуць пасьля сябе што-небудзь прыкметнае ў сэнсе літаратурнай спадчыны. У адным вершы 1909 г. (т. І, № 6) ён называе сябе "бальны, бясскрыдлаты поэт", і робіць сумныя здагадкі аб сваім блізкім канцы: "Мо жыцьця майго верш ужо сьпет" ―кажа ён. Такое-ж прадчуваньне раньняе сьмерці месьціцца і ў вершы: "Ой, чаму я стаў поэтам" (т. І, аддз. ІІ, № 151). Але, паміраючы заўчаснаю сьмерцю, ён цешыў сябе тым, што ў перадсьмяротныя часы ён быў не адзін: з ім была "Кніга з друкарні пана Марціна Кухты", г. зн. яго зборнік „Вянок" (т. 1, № 89: "Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю"). На гэту кнігу ён глядзеў як на літаратурную спадчыну, якую ён пакідае сваім блізкім, сваім сучасьнікам і патомкам. Аднак, поата не адмаўляе значэньня і іншых сваіх твораў, і нават быў упэўнены, што наогул яго "ціхія песьні", ім прачулыя і выпакутаваныя, перажывуць яго сьмерць і дачакаюцца прызнаньня сваёй мастацкай вартасьці:

Ціхія мае ўсе песьні, цёмныя, як вуголь чорны,
Але ўсё-ж яны засьвецяць, калі я ў агні мучэньня
Іх разжару, распалю:
А як згасьне ён―дык бліснуць, быццам дыямэнтаў зёрны.
Бо абернуцца, застыўшы, у драгацэнныя каменьні
Ў час, як лягу я ў зямлю. (Т. І. аддз. 1. № 29).

Словы поэты спраўдзіліся: яго песьні пасьля яго сьмерці зноў аджываюць з яго сшыткаў, рукапісных накідаў і з старонак сучасных яму часопісяй, і ўсё сільней пачынаюць пералівацца агнямі мысьлі і пачуцьця, убраных у артыстычную форму слова і вершаванага рытму.