Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтага стогну, схапіць у ім пэўны соцыяльны рытм―задача нашага эцюду, нашай маленькай даніны на магілу песьняра.

М. Багдановічу прышлося жыць і дзейнічаць у цяжкую пару. Шквал першай рэволюцыі быў зломлены, соннае багна грамадзкага жыцьця зацягвалася мёртвай плесеньню застою і реакцыі. Інтэлігент па пажаджэньні, М. Багдановіч быў адарваны ад працоўных мас, як быў адарваны ён і ад айчыны. Да ўсяго гэтага далучалася яшчэ спадчынная хвароба―сухоты. Суровы жыцьцёвы лёс рана зганяе з яго твару лёгкую юнацкую ўсьмешку; ён сваёй бязьлітаснай рукой праводзіць глыбокія барозны цяжкога задумленьня, унутранай самаўглыблёнасьці, і пясьняр акідае жыцьцё і сьвет смутным, не паюнацку сур'ёзным і змрочным поглядам.

У сьветаадчуваньні поэты ёсьць некаторыя элемэнты сусьветнага смутку, калі разумець апошні ня ў сэнсе гістарычна-культурным, а грамадзка-псыхолёгічным. У гэтым сэнсе, як грамадзка-псыхолёгічная праява, сусьветны смутак нямінуча ўзьнікае там, дзе ёсьць для гэтага адпаведныя соцыяльныя ўмовы. "Гэта ўманастраëвасьць, — кажа проф. Коган, ― заўсёды зьвязана з крызісам пануючай клясы, у больш шырокім сэнсе―з крызісам таго ці іншага сьветапагляду. Гэта плынь чыста інтэлігенцкая. Смутак Байрона―гэта, перш за ўсё, трагедыя мысьлі, трагедыя людзей, якія ў моц сваёй профэсіі асуджаны шукаць выйсьця ў межах сьвядомасьці, а ня быцьця. Можна сказаць, ― гаворыць далей Коган,―што элемэнты байронізму нямінучы ў сьветаадчуваньні кляс, якія ня прымаюць удзелу непасрэдна ў вытворчасьці. Усякая зьмена, выкліканая законамерным разьвіцьцём тэхнікі і грамадзкіх адносін, застае ўрасплох сьвядомасьць, якая адарвалася ад быцьця, не памятае сваёй матарыяльнай крыніцы"[1].

Марксыцкая крытыка, такім чынам, правільна разглядае сусьветны смутак, як крызіс мысьлі, які вынікае на падставе крызісу грамадзкага. Характэрнымі адзнакамі данага крызісу ў галіне інтэлектуальнай, па думцы проф. Розанава, служаць тры мотывы: разлад чалавека з самім сабою, разлад яго з грамадзтвам і, нарэшце, разлад яго з агульным сьветапарадкам.

На ліры М. Багдановіча моцна гучаць гэтыя хваравітыя енкі разладу ўнутранога, соцыяльнага і філëзофскага.

Праз увесь "Вянок" беларускага поэты, папершае, чырвонай пасмай праходзіць мотыў разладу паміж вострым разумовым аналізам і пачуцьцёвым захапленьнем. Халодны скэптыцызм думальніка і энтузіязм поэты — вось тыя два полюсы, паміж якімі хістаюцца чароўныя вершы беларускага песьняра. З аднаго боку, чыста разумовы пысымізм, мысьлі на тэму: "суета сует", "всяческая суета"; з другога боку, шчырае эмоцыянальнае захапленьне пекнасьцю прыроды, прыгаством душы чалавека

  1. Байрон. 1824-1924. . "Светоч" М. Л. 1924 г., стар. 16.