Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таньня ў беларускай літаратуры крыніц народнай беларускай поэзіі. Зразумела, адносіны беларускіх пісьменьнікаў да народнай творчасьці ў эпоху Багдановіча нельга назваць "забытым шляхам": на гэты „шлях" ужо ўступалі тады і Я. Колас, і Я. Купала, і другія поэты. Тым ня менш, Багдановіч настойліва падкрэсьліваў канечную патрэбу для маладой, якая адраджаецца, беларускай літаратуры больш цьвёрда стаць на гэты "шлях". Сам ён увесь час вывучаў народную творчасьць і ўвесь час стараўся ўвязаць як можна мацней свае тамы і мотывы, сваю лексыку і фразэолёгію, свае сымболі і вобразы, эпітэты і параўнаньні.―З узорамі народнае творчасьці; нават словатворчасьць Багдановіча (яго "новатворы") заўсёды грунтуюцца на народнай мове, што трэба лічыць зусім правільным для нормальнага разьвіцьця поэтычнага стылю; праўда, сам Багдановіч вывучаў беларускую мову не на жывым моўным матэрыяле, а na слоўніку Насовіча і другіх кніжных даных,―і ўсё такі яго творчасьць у галіне лексыкі вельмі жыцьцёвая і сталая. Каля 1915-1916 г. г., у апошнія гады свайго студэнцтва, а таксама ў апошні год перад сьмерцю, у год службы ў Менску, ён з асабліваю ўвагаю прыняўся за апрацоўку народна-песенных тэм, мотываў і стылістычных прыёмаў. Да гэтага часу адносяцца яго поэмы і вершы―"Мушка-Зелянушка", „Максім і Магдалена", „Страцім-Лебедзь", "Лявоніха", „Скірпуся", "Вершы беларускага складу" і г. д. Усе гэтыя творы прадстаўляюць сабою вельмі тонкую, філігранную працу ў сэнсе т. зв. мастацкага фольклёрызму; гэтыя апрацоўкі народнага стылю і перайманьні народнага эпосу і лірыкі трэба лічыць высокімі дасягненьнямі беларускай літаратуры дарэволюцыйнае пары.

Навакол гэтага больш сьціслага кругу другога цэнтру разыходзяцца яшчэ два концэнтрычных і больш шырокіх. Адзін―пераклады і перайманьні славянскай поэзіì, другі―пераклады і перайманьні з розных чужаземных узораў. Пераклады з расійскае мовы не шматлікія (тры вершы), перайманьне сербскіх песьняў―толькі адно; але затое большую колькасьць перакладаў мы сустракаем з украінскай літаратуры, якая паводле свайго гістарычнага лёсу больш родная беларускай: тут ёсьць і Шаўчэнка, і Самойленка, і Франко, і Крымскі і другія. Яшчэ шырэй прадстаўлена чужаземная літаратура: поруч з двума перакладамі з антычнай літаратуры мы знаходзім цэлую сэрыю вершаў, перакладзеных з Вэрлена, поруч з адным чатырохвершаваньнем з Шыльлера, ―шмат вершаў і з Гэйнэ; ёсьць, апрача таго, пераклады з Арвэра, Вэрхарна і др. поэтаў. Але ў роўніцы гэтага концэнтру самае цікавае―тыя вершы, якія сам поэта назваў трохі неазначана словамі: "скандынаўская" (г. зн. песьня), "гішпанская", "японская" і г. д.; гэта, нясумненна, перайманьні чужых жанраў і стыляў, але напісаныя вельмі мастацка і блізка да ўзораў; яны робяць вельмі моцнае ўражаньне сваім мясцовым колёрытам, які адпавядае данай эпосе і данай нацыянальнасьці, і ствараюць настрой вялікі і складаны; для прыкладу можна назваць "Была Інгеборг, як сасонка,