Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў распрацоўцы гэтых карцін прыроды ў тым, што мёртвы ландшафт у яго пачынае жыць падвойным жыцьцём—жыцьцём народнага міту і жыцьцём філёзофскай мысьлі, укладаемай поэтаю ў свае пачуцьцё прыроды.

Вось два вершы з "Вянка" (№№ 92, 93) — "Возера" і, "Над возерам". У першым—карціна прыроды, міт аб затануўшым лясуне і мысьль аб загінуўшым мінулым, у якое намагаецца заглянуць цяперашняе. У другім — тая-ж карціна прыроды, але ўся стылізаваная ў духу жывое мітычнае сцэны і, пры гэтым, прасякнутая адным настроем усёперамагаючай цішыні і спакою ночы. Поэта ведае і бытавую Беларусь ("Вянок", "Згукі бацькаўшчыны") вясковую—з яе сумнымі напевамі, дзявочым сумам і мацярынскімі сьлязьмі над паміраючым сынам, і гарадзкую Беларусь—у відзе ажыўленых і поўных гарадзкога захапленьня вуліц Вільні ("Вянок", Места"); поэта ведае і гістарычную Беларусь, прадстаўленую яго "Летапісцам", "Перапішчыкам“, "Слуцкімі ткачыхамі", доктарам Скарынай (№ 127— "Безнадзейнасьць"). Да гэтае-ж тэмы далучаюцца і тыя вершы, дзе Беларусь дарэволюцыйная ўзята ў роўніцы яе соцыяльных супярэчнасьцяй і таго клясавага ўціску, пад якім знаходзіўся беларускі селянін (№ 16, І—"З песьняў беларускага мужыка", № 25—"Над магілай мужыка", № 142—"Краю мой родны! Як выкляты богам"...). Урэшце, сюды-ж трэба аднесьці і вершы, характэрныя для настрояў і думак беларускага руху (№ 47—"Народ, Беларускі Народ!", № 58—"Эмігранцкая песьня", № 84—"Пагоня", № 141—"Упалі з грудзей").

Другая тэма першага цэнтру—гэта ўся акаляючая поэту дарэволюцыйная сапраўднасьць, для якое, як і для Беларусі, поэта чакае абнаўленьня. Прачытайце, напр., гэты глыбокі па ідэі верш "Мяжы" (№ 59), які ахапляе ў адну карціну ўвесь поўны соцыяльнай няпраўды і далёкі ад братэрскага яднаньня сучасны поэце чалавечы сьвет, — другая тэма Багдановіча разгорнецца перад вамі ва ўсю шырыню. Ці возьмем для прыкладу яшчэ адзін верш "Вы, панове, пазіраеце далёка" (№ 164), і зноў карціна соцыяльных супярэчнасьцяй, якія гнятуць поэту, атрымае таксама шырокі характар. Ад гэтае другое тэмы поэта лёгка пераходзіць да трэцяе, калі перад ім паўстае ва ўсёй сваёй вострасьці трагэдыя чалавечага гора, бяссонніца людзкое варожасьці і рэдкае мільганьне людзкога шчасьця (№№ 34, 60, 69, 76, 168, 169). Тут ёсьць і думкі аб загадачнай чалавечай сьмерці, і вечная драма ўтратку блізкага чалавека, і незразумелыя пытаньні аб мэце жыцьця, і радаснае прызнаньне шчасьця, маладосьці. Багдановіч часта вельмі сьціслы ў формулёўцы гэтых агульначалавечых мотываў, але заўсёды глыбокі па мысьлі і грацыозны па форме. (Прыклад: верш №169 і той самы верш у перакладзе на расійскую мову).

Пяройдзем да тэм другога цэнтру. У адным з сваіх артыкулаў, прысьвечаных беларускай творчасьці („Забыты шлях", т. ІІ, аддз. ІІІ), Багдановіч настойліва гаворыць аб канечнай патрэбе шырокага скарыс-