Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ва ўсім гэтым ёсьць два асноўныя цэнтры. Адзін цэнтр—жыцьцё, сапраўднасьць, тое быціе, якім азначаецца сьвядомасьць; другі цэнтр—мастацтва і, у прыватнасьці, мастацка-літаратурная творчасьць, як надбудова над жыцьцём,—вярней, як тое чароўнае, што мастаком ствараецца, асяродзьдзе зачарованых люстраў, у якім жыцьцё ня толькі адбіваецца, але і пераламляецца ў самых прыгожых, найдзіўных формах, у залежнасьці ад творчай асобы мастака. Наўкола кожнага з паказаных цэнтраў ідуць концэнтрычныя кругі,—у кожным выпадку ня менш трох на лік. Наўкола першага цэнтру гэтыя кругі зьвязаны з наступным тэматычным зьместам: першы, самы блізкі да цэнтру інтарэсаў поэты, круг—гэта Беларусь, яе прырода, яе мітатворчасьць, яе быт, яе патрэбы і запыты: другі, больш шырокі,—уся акаляючая поэту дарэволюцыйная сапраўднасьць з яе соцыяльнымі супярэчнасьцямі і памкненьнямі да новае соцыяльнасьці; трэці, самы прасторны концэнтрычны круг,—гэта сьвет агульначалавечых проблем, у пераважнасьці псыхолёгічнага характару. Наўкола другога цэнтру зноў тры концэнтрычных кругі, але ўжо ў пераважнасьці літаратурнага зьместу: першы круг—беларуская народная творчасьць, беларуская літаратура, мастацкі беларускі фольклёрызм; другі—расійская літаратура і літаратуры славянскія (польская, сербская, украінская); трэці—літаратура ў сусьветным маштабе, літаратурны унівэрсалізм з яго рознастайнымі колёрытнымі формамі і з шырокімі агульначалавечымі тэмамі. Вось схема крыніц творчасьці М. Багдановіча. Ня трэба прымаць яе надта просталінейна: поэта, зразумела, не падзяляў рэзка сваіх тэм і твораў іменна на гэтыя шэсьць груп, якія адпавядаюць шасьці концэнтрам; але ў агульных контурах гэты падзел усё-такі вельмі і вельмі адчуваецца; калі-ж адзін круг часткова засланяў другі круг таго-ж цэнтру, ці калі два кругі двух розных цэнтраў разам стыкаліся, што бывала нярэдка, то ад гэтага толькі, як ніжэй пабачым, выйгравала тэма поэты, становячыся больш багатай зьместам і паглыбленай.

Мы пераходзім да тэм. Яны ўжо азначаюцца часткова толькі што ўстаноўленай схэмай крыніц творчасьці Багдановіча. Першая тэма—Беларусь. Ужо ў самых раньніх вершах поэта зварачаецца да гэтай тэмы ("Мае песьні"—1908, „На чужбіне"—1908). Хоць у першым з названых вершаў галоўным мотывам зьяўляецца "беднасьць" і "нуда" роднай краіны, аднак замілаванасьць да роднай прыроды, абвеяная чарамі народнае мітатворчасьці, асабліва вабіць увагу поэты. Адсюль шэраг грацыозных вершаў, прысьвечаных ландшафту ў розных яго відах, беларускім порам году; адсюль-жа гэтыя шматлікія вобразы лясуноў, вадзянікоў, пугача, зьмеевага цара і г. д., якія ажыўляюць сваёю таемнаю прысутнасьцю беларускую прыроду; адсюль і срэбныя зьмеі на паверхні возера, і падзей, які ўвасабляе сабою зімовую завіруху, і дажджавыя павукі, што абвіваюць сьцены дому сваімі мокрымі нагамі, і хмара, выглядам вялізарнае жывёлы, якая расьсякаецца мячом, і г. д. Асаблівасьць М. Багдановіча