Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вэра, з расійскіх―Пушкіна, А. Майкова, Розенгэйма, але ў гэтым-жа аддзеле чытач сустрэне і перайманьне розных вершаваных жанраў і стыляў, вельмі тонка скомпанаваныя Багдановічам па адпаведных узорах поэзіі скандынаўскай, фінскай, сербскай, гішпанскай, японскай і г. д.; гэты аддзел адразу кажа аб тым, што, апрача асноўнага памкненьня поэты да беларускай культуры і поэзіі, у яго была шырокая зацікаўленасьць сусьветнаю літаратураю ў яе найбольш яркіх прадстаўнікох. Чацьверты аддзел зьмяшчае ў сабе чарнавыя вершаваныя накіды, цікавыя ня толькі як апрацоўка некаторых новых тэм, якія, паміж іншым, лёгка ўкладваюцца ва ўлюбёныя Багдановічам цыклі, але і як матэрыял, што раскрывае процэс працы поэты над сваім стылем і вершаваным складам. У пятым і шостым аддзелах сабраны вершы Багдановіча, напісаныя на расійскай мове; пры гэтым пяты аддзел складаецца з вершаў, напісаных непасрэдна на расійскай мове, а шосты―з уласных перакладаў поэты на расійскую мову некаторых яго вершаў, спачатку напісаных пабеларуску. Сёмы аддзел―гэта мастацкая проза Багдановіча, якая складаецца з раду мініацюр на беларускай і расійскай мовах, напісаных часткаю на тэмы аб прыгожасьці ў жыцьці і мастацтве, часткаю на бытавыя тэмы, якія маюць некаторы аўтобіографічны ўхіл.

Усяго разам першы том дае 320 вершаў і 12 узораў мастацкай прозы; каля паловы гэтага матэрыялу перадрукоўваецца з розных пэрыодычных выданьняў; другая палова ўзята проста з рукапісаў поэты і пры жыцьці яго не друкавалася. Такім чынам, першы том дае ня толькі выстарчальную колькасьць твораў для уясьненьня творчасьці М. Багдановіча, але і наогул досыць вялікі матэрыял у сэнсе літаратурнай спадчыны поэты, які памёр у раньняй маладосьці, і пры тым-жа матэрыял вельмі рознастайны паводле самога характару літаратурнай продукцыі.

Другі том у сваю чаргу павінен даць багаты матэрыял, каб меркаваць аб Багдановічу, як публіцысту, крытыку і, часткаю, як аб этнографе і гісторыку. Тут зазначаны таксама аддзелы: першы—артыкулы на беларускія тэмы, з гісторыі беларускай грамадзкасьці; другі—таксама на беларускія тэмы, але з гісторыі беларускай літаратуры; трэці—крытычныя артыкулы, прысьвечаныя пісьменьнікам беларускім, расійскім і украінскім; чацьверты—артыкулы па этнографіі і гісторыі, пераважна па этнографіі і гісторыі славянства; пяты—вельмі рознастайныя артыкулы і нататкі, якія маюць характар аглядаў і рэцэнзій, прысьвечаных навінам сучаснай поэце літаратуры, мастацтва, навукі, публіцыстыкі; урэшце, шосты аддзел—яго лісты (праўда, нешматлікія), якія раскрываюць часткаю яго грамадзкія сувязі, літаратурныя інтарэсы, асабістыя стрэчы і перажываньні. Зразумела, ня ўсе артыкулы Багдановіча зусім апрацованы, і некаторыя (узятыя з рукапісаў) нават ня зусім закончаны; апрача таго, іншы раз яго гістарычныя і крытычныя абагульненьні могуць для нашага часу здацца ня досыць сьвежымі; усё-ж такі—гэта цікавы матэ-