Старонка:Багдановіч Полымя 1927-3.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў некаторых момантах яе перажываньняў, як, напр., вобраз Мадонны ў творы "Вэроніка". Сам поэта хваравіта адчуваў сваю дваістасьць; ён сам сьведчыць, што душа яго ня ведала супакою:

Грудзі ныюць, цела вяне.
А спачыць ня можна мне:
Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьцё з душы бяжыць.

У такіх простых словах поэта вылівае сумную скаргу на сваю душэўную дваістасьць. Сам, ня ведаўшы душэўнай гармоніі, ён дае наказ другім імкнуцца да яе. Ён гаворыць:

Жыві і цэльнасьці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай...

Разлад з людзьмі, наўкольным грамадзтвам царскай Расіі гэтак сама яскрава выяўлены ў М. Багдановіча. У яго нярэдка вырываюцца горкія ноткі расчараваньня і сумленьня адносна людзей. Ён лічыць патрэбным напомніць песьняру гэтую сумную ісьціну:

Ведай, брат малады, што ў грудаёх у людзей
Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня,
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды.

Поэта прасякнуты высокімі ідэаламі нацыянальнага і соцыяльнага вызваленьня айчыны, але ў яго душу закрадваецца мрачная думка аб тым, ці здужае яго пакаленьне выканаць гэтую гістарычную місію; ён зварачаецца да беларускага грамадзтва з горкім запытаньнем:

Таварышы-брацьця! Калі наша родзіна-маць
Ў змаганьні з нядоляй патраціць апошнія сілы,
Ці хваце нам духу ў час гэты жыцьцё ёй аддаць.
Бяз скаргі легчы ў магілу?

У другім сваім вядомым вершы "О, краю мой родны", нарысаваўшы трагічны малюнак соцыяльнага заняпаду Беларусі, малюнак гора, якое ў яго часы шырокай хваляй затапляла родныя нівы, Багдановіч ставіць усё тое-ж пытаньне, поўнае безнадзейнасьці і балючага сумненьня ў людзях:

Брацыя! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?

Ад гэтага сумнага разладу з рачаіснасьцю М. Багдановіч шукае ратунку ў галіне прошлага і ў галіне мары. У сваіх тэрцынах беларускі поэта яскрава выказвае сваё замілаваньне да мінулага, кажучы:

Ёсьць чары ў забытым, старадаўнім,
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць.
Пажыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным,
Быцьцё дзядоў у смутку ўспамянуць,
Мы сквапна цягнемся к старым поэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.