Старонка:Бабарэка Новая зямля.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

павольнасьць у рытме. Яшчэ што характэрна для гэтай культуры, дык гэта натураграфічнасьць апавяданьня пра здарэньні вакольнага быцьця, выстаўленьне іх напаказ ці то як зьяў адмоўнага парадку (як у творчасьці Я. Купалы), ці то як праяў станоўчых (як гэта ёсьць у Я. Коласа).

І ў гэтым дачыненьні „Н. З.“ зьяўляе сабою як–бы паўтарэньне поэтычнай культуры суседніх народаў часоў іхняй клясычнасьці. Нядарма „Н. З.“ крытыка прыраўновае да „Евгения Онегина“ Пушкіна ці да „Пана Тадэуша“ А. Міцкевіча.

Апісальны момант у „Н. З.“ домінуе і падпарадкуе сабе рэшту апавядальных элемэнтаў. Дыялёг або рэпліка або аўтаравае лірычнае выказваньне найчасьцей толькі ілюстрацыя да апісальных палажэньняў. Гэта ўласьціва для культуры поэтычнай статыкі, якая мае за канчатковы ідэал паказ рознастайнасьці і шматвобразнасьці перажытага як жывое і дзейнае ўяўленьне. Нядарма аўтар „Новай Зямлі“ ў сваім творы часта зварочваецца з сваімі лірычнымі выказваньнямі да ўяўнага, як да жывое істоты.

_______________

Такая культура вымагае адпаведнага і таленту. І тая постаць, што прадстаўлена „Новаю Зямлёю“, — сапраўды сваеадменны і цікавы талент з тых, што ўзрасьлі на „Нашай Ніве“. Праўда, ён мае свайго папярэдніка ў асобе Янкі Лучыны (Івана Няслухоўскага), але гэта ніколькі не зьмяншае яго самабытнасьці, тым больш што яго папярэднік выявіўся толькі, т. ск., у эмбрыёнальным выглядзе.

Талент, прадстаўлены „Новаю Зямлёю“, ёсьць талент надзвычайна вострага і сьвежага аднаўленьня мастацкім словам усяго таго, што калі наглядалася ці перажывалася ім. Прычым аднаўляе гэты талент звычайна ў 3–й асобе, што становіць гэтае аднаўленьне эпічным. Таленты, якіх прадстаўляе „Новая Зямля“, мацней перажываюць сьвет ва ўяўленьнях, чым у непасрэдным да яго дачыненьні, а гэта кладзе пэўны адбітак і на іх творах.

_______________

Таму характару, які мае „Новая Зямля“, канечне, спрыяла яшчэ і тая ідэялёгія, якая знайшла ў творы сваё ўцелаўленьне. Існасьць яе, калі казаць каротка, у наступным.

Тыя, каго пануючая кляса ня лічыць за людзей і не вызнае за імі права быць гэткімі, для сябе людзі, і людзі пэўнай культуры. Гэтыя людзі ня толькі існуюць, яны ня толькі быдла ў вачох паноў, яны і жывуць, а жывучы, і мысьляць, і дзейнічаюць як умеюць, абы вызваліцца адзалежнасьці пануючага стану. Праўда, усё жыцьцё іх ідзе на гэтае змаганьне за вызваленьне і без жаданых скуткаў: ім не даводзіцца бачыць сьветлай тэй часіны, аб якой яны мараць; вольнага жыцьця яны так і ня бачаць. Яны ўсё сваё жыцьцё ў дарозе па гэтае шчасьце, і ў гэтым падарожжы лёс ім ручыць толькі зьмену форм залежнасьці (пана–князя на гаспадзіна–банка). „Новая Зямля“ — гэта нішто іншае, як новая форма залежнасьці на жыцьцёвым шляху. А яны так любяць жыцьцё, зямлю, працу, любяць свае звычаі, абрады і песьні. Адным словам, яны надзвычай сымпатычныя людзі, высокай духовай культуры. Яны адным сваім унутраным зьместам заслугоўваюць таго, каб мець сваё пэўнае месца на гэтай любай ім зямлі і жыць людзьмі–гаспадарамі, а не вандроўнікамі–паслугачамі. Вось у сьціслым выглядзе той сьветагляд, які выражае сабою „Новая Зямля“. Яна паказвае, што такое Беларусь у яе сялянскім стане ва ўмовах капіталістычных форм гаспадараньня на зямлі, і гэтым адказвае на пытаньне, якое ставілася яе эпохаю.

_______________

Гэта падказвае ўжо і сацыяльнага аўтара „Новае Зямлі“. Ён, канечне, тая сацыяльная група, што выйшла ў сьвет з сялянства і стала прадстаўляць яго ўжо ў іншым — ад таго, з якога выйшла, — асяродзьдзі ды паказваць зьмест сялянскіх „сьвежых крыніц“ гэтаму сьвету. Гэта тая група, што ходам гісторыі вымушана была ўзяць на сябе ролю, т. ск., „сялянскага хадатая“ перад моцнымі сьвету, абараняць яго як носьбіта адменнай нацыянальнасьці ды дамагацца яму чалавечых правоў. Такою групаю была група нашаніўскіх адраджаністых у іх сялянскай паўпралетарскай адмене (бо былі і шляхоцкія, і рамесьніцкія, і рабочыя). Для гэтай плыні сацыяльнае стаяла, бадай, вышэй за нацыянальнае, прынамсі, другое вызначалася першым і ставілася ня так востра, як у тэй групе, што йшла ад шляхты. Яна будавала сваю так літаратурна–мастацкую, як і сацыяльна–палітычную праграму на грунце вывучэньня