Старонка:Бабарэка Новая зямля.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і пазнаньня станоўчых пачаткаў і ўнутраных магчымасьцяй сялянства як сацыяльнай катэгорыі. Вынікам такога дасьведчаньня зьявілася „Новая Зямля“.

______________

Чытацка–ж „Новая Зямля“ настроена, як твор школьна–інтымнага чытаньня. Яна мацней дзейнічае ў абстаноўцы інтымнага чытаньня. Тады яна робіць уражаньне, быццам сам аўтар з табою гаворыць і апавядае табе самае замілаванае і любае для яго ды апавядае так, як–бы апавядаў настаўнік або наогул старэйшы хто ў сям’і малодшым з адзіным жаданьнем выклікаць замілаваньне больш да таго, пра што апавядаецца, ніж да самога апавяданьня.

______________

Крытыка перад „Новай Зямлёй“ ня выканала яшчэ тых абавязкаў, якія ўскладзены на яе гэтым творам. Яна яшчэ дакладна не ўстанавіла, у якім дачыненьні знаходзіцца „Новая Зямля“ да твораў, што прадстаўляюць клясычную пару ў разьвіцьці літаратур суседніх народаў і ў першую чаргу літаратуры расійскай, а таксама не дасьледавала, якую ролю адыгрывае „Новая Зямля“ цяпер у розных чытацкіх групах. Будзем спадзявацца, што з дапамогаю чытача яна разьвяжа задачы, якія перад ёю ставіць „Новая Зямля“.