Старонка:Бабарэка Новая зямля.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Умовы, у якіх стваралася „Новая Зямля“, вымагалі ад мастацтва паказу сялянскага жыцьця і яго „няпрыкметных“ гэрояў. Гэтыя ўмовы вымагалі ад літаратурнага мастацтва адказу на пытаньне, што–ж такое беларус, што такое той, хто дамагаецца права быць чалавекам у грамадзе (разумеючы гэта ў нацыянальным сэнсе). Адказам на яго і мусіла быць „Новая Зямля“.

Але ёй не ўдалося быць закончанаю ў той час, калі гэтыя вымогі стаялі востра перад беларускаю літаратураю. „Новая Зямля“ вышла ў сьвет ужо ў рэвалюцыйны час. І гэта не магло не адбіцца на характары тых уражаньняў, якія яна зрабіла.

______________

Тое пакаленьне, што было равесьнікам аўтара, што разам з ім дамагалася для беларусаў права „людзьмі звацца“, сустрэла „Новую Зямлю“ з надзвычайным захапленьнем. Яе аўтара яно называла нават сваім геніем.

Гэтаму ўражаньню ўтуравала і тое, якое зрабіў гэты твор на некаторых прадстаўнікоў расійскай народнасьці на Беларусі. Яны паставілі яе высока як матар’ял для дэтальнага азнаямленьня з Беларусьсю як этнаграфічнай самабытнай адзінкай.

Зусім іначай паставілася да „Новай Зямлі“ моладзь. Яна прыняла яе з некаторым халадком. Актуальнасьць паказу на тэму „што такое беларус“ для яе мінулая. Яна, усьвядомленая і нацыянальна, і сацыяльна, ставіла перад літаратурай новыя задачы, на якія ў „Новай Зямлі“ не знаходзіла адказу, і таму называла яе старою.

Цікава, што тая плынь сярод моладзі, якая шчыльна была зьвязана з адраджанісцкім кірункам, таксама, відаць, ня зусім ёмка адчувалася за „Новую Зямлю“ перад сучаснасьцю, бо ўзялася была перадусім апраўдваць Коласаў твор у вачох гэтай сучаснасьці, фактычна ў вачох маладога яе крыла. Яна, відаць, не магла не адчуваць некаторай дысгармоніі між патрабаваньнямі прадвесьнікаў новай эпохі і тым кірункам, які прадстаўляла сабою „Новая Зямля“.

_____________

Аднак, якое–б рознастайнае ўражаньне ні рабіла яна на розныя групы і групоўкі ў непасрэдным (чытацкім) да яе дачыненьні, „Новая Зямля“ ёсьць факт вялікай важнасьці ў гісторыі беларускай літаратуры. Гэта важнасьць вымяраецца яе дачыненьнем да папярэдніх твораў беларускай літаратуры. Гэтае–ж дачыненьне дае „Новай Зямлі“ пэўнае месца ў сыстэме паняцьцяў аб беларускай літаратуры.

Да „Новай Зямлі“ ў беларускай літаратуры пераважалі т. зв. малыя жанры, якія давалі мастацкія малюнкі жыцьця ў яго эпізодах. „Новая Зямля“ ў гэтым разрэзе твор монумэнтальны. Яна ахоплівае ўжо не адзін які эпізод, а дае цэлую карціну жыцьця. Да таго–ж у беларускай літаратуры да „Новай Зямлі“, як і ў творчасьці самога Я. Коласа, пераважала лірычнае ўцелаўленьне вакольнага сьвету. „Новая Зямля“ дае спробу апавядальнага жанру вершам, дзе за гэроя выступае не „я“ поэты, а цэлая сям’я (у часе: ад маленства і да сьмерці). Гэта спроба ўносіць свае корэктывы ў паняцьце „поэмы“, якое было выснавана на ўзорах клясычных ці то рамантычных. „Новая Зямля“ прадставіла сабою поэму, т. ск., сямейную, падобна да таго, як Янкі Купалы „Раскіданае Гняздо“ зьяўляе драму сям’і. У гэтым разрэзе яны адна да другой падобны. „Новая Зямля“ хутчэй аўтабіографічны вершаваны раман сялянскай сям’і ці, праўдзівей, і не раман, а сямейная, альбо фамільная, хроніка.

_______________

Яна і пабудована на ўзор хранікальнага апавяданьня пра жыцьцё–быцьцё аднае сям’і, як яно ішло ў звычайным парадку. Узорам будовы „Новае Зямлі“ ёсьць гісторыяграфія з навочнымі малюнкамі і ілюстрацыямі, з яе казачным спакоем і ціхаю плаўнасьцю ў апавяданьні.

_______________

Гэта вызначае ўжо і тую поэтычную культуру, якая прадстаўлена „Новаю Зямлёю“. Апроч зазначанай статычнасьці, для „Н. З.“ характэрна аднатоннасьць і