Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

В. Ластоўскі ў сваіх успамінах гісторыю рэалізацыі гэных поглядаў выкладае ў наступным выглядзе. „Спамянуты сшытак, — кажа ён, –– вярнуўся з перагляду „верхняй палаты“ ў „ніжнюю“ перакрэсьлены сінім алоўкам з надпісам рукою А. Уласава „В архів“. Пад перакладам з Ю. Сьвятагора „Дзьве песьні“ быў надпіс рукою А. Луцкевіча „можна надрукаваць пад псэўдонімам“...[1]

„Праз некалькі тыдняў (пасьля надрукаваньня „Дзьвёх песень“) М. Багдановіч прыслаў яшчэ некалькі новых вершаў і ліст, у якім протэставаў, што яго перарабілі ў „Максіма Крыніцу“[2]. Але вершы былі ізноў „дэкадэнцкія“ і дзеля гэтага трапілі ў тую–ж папку, дзе быў папярэдні сшытак з надпісам „В архів“. Там яны праляжалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на сьвет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленьнем стаў бараніць іх сьпярша перад Ядвігіным, а пасьля перад „верхняю палатаю“, з радоў якое за надрукаваньне некаторых вершаў першы выказаўся Чыж, а пазьней А. Луцкевіч“. У выніку гэтага змаганьня вершы былі выдрукаваны, г. зн., што за імі была вызнана тая–ж годнасьць, якую вызнаваў за імі яшчэ сам аўтар і выяўляў яе фактам надсыланьня сваіх твораў да друку[3].

На гэтым канчаецца гісторыя ацэнак першых вершаў М. Багдановіча ў рэдакцыі „Нашае Нівы“, аднак, на гэтым ня спыняецца гісторыя нявыяўных разуменьняў наконт твораў М. Б. Але дзеля суджэньняў аб іх, якія маглі мець месца як пры чытаньні твораў у рукапісах, так і выдрукаваных, ёсьць вельмі мала матар’ялаў. З даведак па гэтаму пытаньню, што ёсьць у наяўнасьці, патрэбна зазначыць на тыя, якія выяўляюць разуменьні аб творах М. Багдановіча як творах, прызначаных для пэўнага чытача, потым як творах, што выражаюць пачуцьці аўтара да радзімы. На апошняе значэньне зазначае ў сваёй нататцы „Памяці друга“ А. Цітоў, калі кажа, што М. Багдановіч па яго (Цітова) просьбе „декламировал белорусские стихи, проникнутые великою скорбью за обездоленный родной белорусский народ“[4]. У гэтай нататцы А. Цітоў не зазначае канкрэтна, якія вершы дэклямаваліся аўтарам, аднак і такое характарызаваньне іх наогул паказвае на наяўнасьць сярод чытачоў ці слухачоў беларускіх вершаў ра зуменьня аб творчасьці М. Багдановіча як глыбокай і нацыянальна каштоўнай. Тым большае значэньне набывае такое разуменьне, калі ўзяць пад увагу тое, што сярод беларускіх нашаніўскіх адраджэнцаў у нявыяўных формах былі разуменьні адваротнага характару, з якімі даводзілася „ніжнепалатаўцам“ змагацца.

У дачыненьні пытаньня наконт прызначанасьці твораў М. Багдановіча для пэўнага чытача некаторыя даведкі падаюцца ва ўспамінах Ластоўскага. „Пасьля надрукаваньня „Край мой радзімы“ і вершаў з цыклю „Вадзянік“, –– піша ён, –– у рэдакцыйным складзе, акром Ядвігіна, які ўпорна казаў: „а ўсё–ж гэтыя вершы не для народу“, усе аднагалосна выражалі прызнаньне пісьменьніцкага таленту М. Багдановічу“.

  1. Прыпіску „пад псэўдонімам“ В. Ластоўскі тлумачыць тым, што „палітыка“ „верхняй палаты“ строга прытрымлівалася лініі нераскрываньня сваіх супрацоўнікаў, каб манаполь прадстаўніцтва руху быў выключна ў яе руках“.
  2. Псэўдонім выдуманы для М. Б. Ядвігіным Ш.
  3. Выдрукаваны былі пад праўдзівым прозьвішчам аўтара з папраўкамі С. Палуяна наступныя вершы: „Лясун“ („Н. Н.“, № 35–36 за 1909 г.), „Край мой радзімы“ (№ 38), „З песьняў беларускага мужыка“ (№ 39), два вершы з нізкі „Вадзянік“ (№ 41), „На чужыне“ (№ 42), „Пугач“ (№ 43), пераклад з Гэйнэ (№ 44), павіншаваньне „Нашай Ніве“ (№ 46), „Разрытая магіла“ (№ 47), верш, пасьвечаны С-ну, (№ 50) і „Цемень“ (№ 51–52).
  4. „Голас“ (яраслаўская газэта), № 198 за 11 (24) чэрвеня 1917 г.