Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта вызнаньне было ня толькі, як кажуць, de jure, але фактычным, і было выяўлена выданьнем кніжкі выбраных вершаў „Вянок“[1]. Такое разуменьне вершаў М. Багдановіча як твораў „недлянародных“ выяўляецца потым — таксама ў нявыяўных формах, такімі беларускімі пісьменьнікамі, як Галубок і Паўловіч, якія, прыяжджаючы ў Вільню ў 1910 г., у рэдакцыі „Н. Н.“, як кажа той–жа аўтар, вызначалі выдрукаваныя вершы М. Багдановіча як безьзьмястоўныя, „а асабліва А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразуючы паасобныя звароты вершаў М. Б., каторага стала называў не па прозьвішчу, а „ваш лесавік“.

Такія формулы, як „вершы не для народу“ і „вершы безьзьмястоўныя“, бязумоўна, характарызуюць ня столькі самыя вершы, сколькі зьяўляюцца выражэньнем поглядаў — на задачы поэзіі і яе ролю — тых, каму належаць гэтыя формулы. Роля ў гэтым вершаў М. Багдановіча была ў тым, што яны зьявіліся повадам дзеля акрэсьленьня і разьмежаваньня гэтых поглядаў. Формула Ядвігіна Ш. „вершы не для народу“, выключаючы з разу меньня аб гэтых вершах прызначанасьць іх „для народу“, аднак ня выключае гэтым самым разуменьня прызначанасьці гэтых вершаў для тых, хто не абнімаўся Ядвігінавым разуменьнем „народ“, блізкім да разуменьня Марцінкевічавага або таго, што выражаецца расейскім словам „простонародие“. Адгэтуль азначэньне такою формулаю вершаў М. Багдановіча, як формула Ядвігіна Ш., выражае сабою разуменьне культурнага стану беларускага чытача ў пэўны гістарычны момант яго разьвіцьця. Але, выказваючы гэта разуменьне ў тым выглядзе, як яно пададзена В. Ластоўскім, Ядвігін Ш., бязумоўна, супярэчыў тым, што вышлі з народу і, кажучы словамі Ўл. Дубоўкі, з асьветаю шлях свой ясна бачылі. Для гэтых тое, што колісь было „не для народу“, зараз сталася „для народу“. Прыкладам гэтага зьяўляецца суджэньне Я. Купалы і рэшты „ніжняй палаты“ пра М. Багдановіча як аб сапраўдным таленце поэты.

Што–ж тычыцца другой формулы — „вершы безьзьмястоўны“ — то яна выражае ні больш ні менш як разуменьне аб зьмесьце, абмяжованым пэўнымі рамкамі, які дапускаўся аўтарам гэтай формулы для беларускае поэзіі. Пра значэньне гэтай формулы ў дапасаваньні да першых вершаў М. Багдановіча азначанымі вышэй пісьменьнікамі можна было–б судзіць пры тэй умове, калі–б імі было акрэсьлена іх разуменьне „зьмястоўнасьці“. Пасколькі–ж гэта застаецца невядомым, пастолькі і іх формула траціць усякае значэньне, тым больш яшчэ таму, што яна не выключае з вершаў М. Б., апроч зьмястоўнасьці ў разуменьні названых пісьменьнікаў, іншых, т. ск., атрыбутаў іх, а менавіта таго, што проціваставіцца зазвычай зьместу — гэта формы; цераз гэта сама формула зьяўляецца супярэчнаю існасьці поэзіі наогул, бо форма вонку матар’яльнага (зьмест) свайго ажыцьцяўленьня ня ёсьць ужо форма, а толькі абстракцыя, адцятасьць, якая можа толькі мысьліцца, але не існаваць як рэальнасьць, ажыцьцёўленая ў адчувальнай зьяве ці рэчы. Калі–ж гэтаю формулаю, як і папярэдняю, выказвалася незразумеласьць твораў М. Багдановіча, то і такое азначэньне ня столькі характарызуе творы, сколькі разуменьне аб культурным узроўні беларускага чытача ў той час. Практыка жыцьця творчасьці М. Б. даводзіць, што незразумелае для аднаго і ў адзін час становіцца зразумелым для другога і ў другі час. Прынамсі факты крытыкі ў наяўных

  1. Пра гісторыю гэтага выданьня расказваецца ў тых–жа ўспамінах, матар’ял якіх па гэтаму пытаньню выкарыстаны ў артыкуле Я. Плашчынскага „Кніга лірыкі як мастацкае цэлае“. Гл. Узвышша, № 1, стар. 119.