Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ныя або гласныя разуменьні аб творах, якія выказваюцца крытыкамі пасьля выдрукаваньня твораў і потым адбіваюцца тым ці іншым уплывам на творчым разьвіцьці пісьменьніка.

Абедзьве гэтыя магчымасьці выкрываюцца і ў гісторыі ацэньваньня творчасьці М. Багдановіча. У дачыненьні пытаньня наконт т. зв. нявыяўных ацэнак твораў М. Багдановіча, якія мелі месца ў стасунку да першых надасланых да друку вершаў, некаторыя небясьцікаўныя даведкі падаюцца В. Ластоўскім у яго ўспамінах пра М. Багдановіча. Вядома, гэтымі матар’яламі ня вычэрпваецца пытаньне пра нявыяўныя ацэнкі, аднак, і тое, што пададзена названым аўтарам, зьяўляецца цікавым для гісторыі чытача беларускіх твораў і наогул для гісторыі разьвіцьця крытычнае думкі ў тым сэнсе, што гэта гісторыя ў пэўнай меры адбівае сабою клясавае змаганьне ў тым выглядзе, у якім яно выражаецца на літаратурным фоне.

Вершы, надасланыя М. Багдановічам да друку ў 1909 годзе, як сьцьвярджае В. Ластоўскі, у рэдакцыі „Нашае Нівы“ былі ацэнены неаднолькава. „Нябожчык Ядвігін Ш., — кажа аўтар успамінаў, –– ахрысьціў гэты сшытачак (гутарка ідзе пра другі сшытак па ліку дасылкі іх М. Багдановічам, які зьмяшчаў 8–9 вершаў. — А. Б.) „дэкадэншчынай“. Яго апінія падзялялася „вярхоўнай палатаю“[1]. Іншага погляду трымалася аб новым пісьменьніку „ніжняя“ палата, а ў першы чарод Я. Купала, які інтуітыўна вычуў у гэтых першых поэтыцкіх спробах у Максіме Багдановічы сапраўднага мастака“.

Такім чынам, пачынаючы ўжо з нявыяўных разуменьняў, у ацэньваньні М. Багдановіча вызначаюцца дзьве лініі: 1) ацэньваньне саміх твораў як выяўленьня пэўнай літаратурнай плыні, і 2) ацэньваньне аўтара іх на падставе гэтых самых твораў як нашэльніка пэўнай літаратурна–творчае сілы. На аснове гэтых ліній і адбылася стычка разуменьняў аб першых творах М. Багдановіча, што выяўлены былі верхняю і ніжняю палатаю рэдакцыі „Нашае Нівы“. Як выяўленьне пэўнай літаратурнай плыні, творы былі вызнаны за „дэкадэншчыну“, а іх аўтар — як творчая сіла — за сапраўдны талент. Першае вызнаньне было асвоена верхняй палатаю, а другое — ніжняю, між якімі і адбылося змаганьне за надрукаваньне твораў М. Багдановіча ў газэце. Як выявіцца далей, гэтыя супярэчныя на першы погляд разуменьні знайшлі сваё прымірэньне ў новых паняцьцях, якія сынтэзавалі гэныя разуменьні ў пэўнай, ужо выяўнай, форме крытычных ацэнак творчасьці М. Багдановіча.

Перш чым зьвярнуцца да гэтых апошніх, патрэбна зазначыць на практычнае рэалізаваньне адзначаных вышэй поглядаў на першыя вершы М. Багдановіча. Погляд на творы, як дэкадэншчыну, „верхняю палатаю“ быў ажыцьцёўлены ў форме забракаваньня вершаў для друку. Вызнаньне–ж „ніжняй палаты“ сапраўднага таленту ў аўтара гэных вершаў рэалізавалася ў форме змаганьня за іх апублікаваньне, абароны іх вартасьці перад „верхнімі“ і дапамогі ў выглядзе паправак вершаў з боку мовы, галоўным чынам.

  1. Па ведамасьцях В. Ластоўскага, паданых у тых–жа ўспамінах, тагачасная рэдакцыя „Нашае Нівы“ складалася з дзьвёх палат: „верхняй“ і „ніжняй“, як іх трапна назваў С. Палуян. Да верхняй палаты належалі А. Уласаў, браты А. і І. Луцкевічы, а таксама Чыж (Альгерд Бульба) і Манькоўскі (Янка Окліч). Гэта палата, як кажа аўтар успамінаў, вяршыла „высокія“ палітычныя матэрыі; у ёй „ішла буйная ігра са стаўкамі з боку уніяцкай гіерархіі і некаторых другіх, сільных у тыя часы, палітычных краёвых чыньнікаў“. „Другая палата — ніжняя — складалася з Ядвігіна Ш. (Ант. Лявіцкі), Янкі Купалы, В. Ластоўскага, С. Палуяна і мастака Драздовіча, які далучыўся да яе ў канцы 1909 г. Гэта палата рабіла ўсю штодзённую работу рэдакцыі і мела шчыльную сувязь з чытачоўскімі „нізамі““.