Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тут М. Багдановіч ацэньвае свае вершы перадусім як выражэньне вастраты адчуваньняў ад іскравых уражаньняў і зьяў (у даным выпадку — горада). Як каштоўнае гэтых вершаў ім адзначаецца ня столькі само выражэньне, сколькі тая вастрата адчуваньняў, прадметам якое зьявілася „дачка каменьняў“, а яе выражэньнем „верш аб месьце“ — вынік гэтых адчуваньняў. Такім чынам, у дачыненьні да гэтай нізкі поэта падкрэсьлівае на каштоўнасьць яе эмоцыянальнага характару, а менавіта эмоцыянальную мотываванасьць вершаў („верш аб месьце з сэрца мкне“), незалежна ад эстэтычнай каштоўнасьці саміх выражэньняў. Вызначэньне апошняй поэта абмінае як у дачыненьні да гэтай нізкі, так і ў дачыненьні вышэйадзначанай нізкі „Вольныя думы“.

Падагульваючы паданае наконт пытаньня Багдановічавага вызначэньня каштоўнасьцяй сваіх твораў, магчыма зрабіць некаторыя высновы.

М. Багдановіч, як першы чытач і крытык сваіх уласных твораў, пры вызначэньні іх каштоўнасьці падыходзіць не з аднолькаваю для ўсіх твораў мераю. У кожным асобным выпадку ён ужывае і асобны крытэры. Вызначаючы ў сваіх артыкулах свае творы як новыя па тэматыцы або формах у беларускіх умовах, ён у дачыненьні свайго першага зборніку твораў падыходзіць з крытэрыямі азначанай навіны ў дзьвюх роўніцах: гістарычнай і фармальна–мастацкай (эстэтычнай), бяручы за норму апошняй прыродную прыгожасьць формаў („краскі“). Гістарычная мера навіны ў дапасаваньні да паасобных разьдзелаў у кніжцы выбраных вершаў складаецца з адзінак сацыяльна і асабова–псыхолёгічнага зьместу, выражанага творамі і, такім чынам, каштоўнасьць у кожным асобным выпадку вызначаецца па сваеасаблівасьці (самавітасьці) разнастайных твораў у іх адзінстве. На падставе гэтага М. Багдановіч вызнаваў каштоўнае за сваімі творамі ў тым: 1) што яны выражаюць пэўныя самавітыя думы і пачуцьці, якія мелі месца ў пэўны гістарычны момант культурнага нацыянальнага разьвіцьця, 2) што само выражэньне іх зьяўляецца самавітаю ўмоваю дзеля абуджэньня пачуцьцяў хараства поэтычнымі формамі і вобразамі і 3) што гэта выражэньне ёсьць вынік сьвядомае працы („дбаньня“) над афармаваньнем бясформных матар’ялаў спадчыны мастацкай культуры як нацыянальнай, так і здабыткаў агульналюдзкае культуры („ураджаю сталецьцяў“). Канкрэтна гэта каштоўнае адзначана самім поэтай праз выяўленьне разнастайнасьці і багацьця тэматычных і фармальных крыніц творчасьці і выяўленьне культурнасьці свае творчае працы, а таксама праз азначэньне натуральнай прыгожасьці формаў, шчырасьці і незалежнасьці ад умоўнасьцяй дум, вастраты і яскравасьці ў адчуваньнях і пачуцьцях, сьвядомага дачыненьня да вынікаў свае літаратурна–мастацкае дзейнасьці. Гэтымі азначэньнямі і акрэсьліваецца тая навіна творчасьці М. Багдановіча, якая была вызнана самім поэтай за сваімі творамі ў умовах беларускае поэзіі на пэўнай ступені яе разьвіцьця. Большага значэньня паняцьцю „ноўнасьці“ сваіх твораў сам М. Багдановіч не надаваў; гэта выходзіла–б з межаў тэй тактоўнасьці і сьціпласьці, з якімі выяўляецца поэта ў сваіх суджэньнях наконт каштоўнасьці ўласных твораў.

Творчасьць М. Багдановіча ў ацэнках крытыкі пры жыцьці поэты

Разуменьні творчасьці, выказаныя самім аўтарам яе, зьяўляюцца выточнымі ў гісторыі яе ацэньваньня крытыкаю. Карэньні гэтай апошняй выходзяць з тых–жа момантаў, што і аўтаравы разуменьні.

У выяўленьні крытычных ацэнак наогул магчымы дзьве формы выражэньня разуменьняў творчасьці таго ці іншага пісьменьніка. Адна з іх — гэта нявыяўныя або нягласныя разуменьні, якія адыгрываюць значную ролю ў справе апублікаваньня твораў, і другая форма — выяў-