Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выражэньне. Першае М. Багдановічу ўяўляецца як каштоўнасьць гістарычная, якая ў свой час мае пэўнае значэньне, а ў другі — гэта значэньне можа страціць сваю актуальнасьць або набыць іншы характар. Другі бок твораў вызнаецца аўтарам за нязьменную велічыню і ўяўляецца ім як каштоўнасьць гістарычная, якая заўжды можа мець для чалавека актуальнае значэньне. Гэта каштоўнасьць фармальна–мастацкага парадку, як аснова для эстэтычных перажываньняў (засушаныя краскі думак і чуцьця). Такім чынам, М. Багдановіч, характарызуючы свае творы ўступным вершам, вызнае каштоўнасьць іх дваякага роду: 1) гістарычную за выражаным зьместам і 2) фармальна–мастацкую, эстэтычную за самым выражэньнем яго.

У дачыненьні–ж да паасобных нізак вершаў, што складаюць кніжку выбраных вершаў, М. Багдановіч падыходзіць з іншых бакоў і вызначае за каштоўнае ў іх або жывучасьць малюнковасьці і музычнасьці ў песьнятворчасьці, або жывое поэтычнае сьведчаньне аб мінуўшых падзеях у жыцьці народу, або выражэньне вастраты асабовых адчуваньняў, або адсутнасьць у аўтара песень „куміра“ ў галіне мысьлі, або „глыбіннасьць слоў“, або здольнасьць „вылечваць хваробы“ дум, або, урэшце, адбітак агульналюдзкай культуры, „ураджаю сталецьцяў“ у разьвіцьці мастацкіх формаў. Ня спыняючыся на ўсіх гэтых азначэньнях, зьвернем увагу толькі на некаторыя з іх, што падаюцца аўтарам кніжкі выбраных вершаў ва ўступных вершах да асобных нізак.

Ва „ўступе“ да нізкі „Вольныя думы“ М. Багдановіч гаворыць:

Я думы, ня скутыя путамі,
Тут перад вамі вываджу,
А проці ганеньня кажу:
Хваробы лечаць і атрутамі.

Гэтыя радкі акад. Е. Карскі ў сваім нарысе пра М. Багдановіча адзначае як выражэньне поглядаў поэты на сродкі поэзіі, якімі яна можа карыстацца дзеля аслабленьня і ўцінаньня чалавечых недахватаў. „...Стихи могут быть даже полны яда, если этим способом они смогут уврачевать больное человечество“, — так фармулюе ён мотыў гэтага вершу („Белорусы“, т. III, в. III., стар. 315). Такім чынам, М. Багдановіч і тут, зьвяртаючыся да чытача (у цяперашнім часе), вызначае нізку вершаў „Вольныя думы“ як выражэньне думаў, няскутых путамі, супроць якіх магчыма ганеньне без залежнасьці гэтых дум ад іх прадметаў. Супроць гэтага ганеньня поэта забясьпечаны сьвядомасьцю ў тым, што „хваробы лечаць і атрутамі“ або, як гэта выражана праз эпіграф з Гэйнэ, супроць атруты ёсьць адатрута. Гэтым самым, як–бы надаючы права чытачом судзіць пра тое, чым зьяўляецца выражанае ў вершах дадзенай нізкі — хваробаю ці атрутаю ад яе, — М. Багдановіч вызнае за каштоўнае ў іх, з аднаго боку, няскутасьць дум путамі, незалежнасьць іх ад умоўнасьцяй наогул і, з другога боку, мотываванасьць самога выражэньня іх сьвядомым пераконаньнем поэты ў станоўчасьці значэньня выражэньняў такога характару дум (у даным выпадку — асабовых). У яго поглядах вольнае, пазбаўленае ад абмяжованасьці ўмоўнасьці ў грамадзе выказваньне ўсяго, што перажываецца чалавекам, зьяўляецца спосабам, што да лячэньня хвароб гэтага чалавека. Такім чынам, М. Багдановіч ацэньвае нізку вершаў „Вольныя думы“ як каштоўнасьць сацыяльна–абычаёвага парадку (каштоўнасьць этычная).

Іначай поэта глядзіць на нізку вершаў „Места“. Ва ўступе да яе, кажучы аб тым шляху, якім вынікла гэта нізка вершаў, ён зазначае:

У грудзі кволыя запала
Дачка каменьняў, места мне.
Пачую я тэй іскры жала,
І верш аб месьце з сэрца мкне.