Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Уся гэта кніжка выбраных вершаў („Вянок“, назва дадзеная В. Ластоўскім, згодна яго ўспамінам пра М. Багдановіча) складаецца ў асноўным з дзьвёх частак: 1) „Малюнкі і сьпевы“ з эпіграфам з А. Фета „Этот листок, что изсох и свалился, золотом вечным горит в песнопении“, і 2) „Мадонны“ без эпіграфу. У сваю чаргу, першая частка абнімае сабою сем „нізак вершаў“: 1) „У зачарованым царстве“, 2) „Згукі бацькаўшчыны“, 3) „Старая Беларусь“, 4) „Места“, 5) „Думы“, 6) „Вольныя думы“ і 7) „Старая спадчына“. Другая частка зьмяшчае два творы ліро–эпічнага характару: 1) „У вёсцы“ і 2) „Вэроніка“, апошні твор самім аўтарам азначаны як „вершаванае апавяданьне“. Такая сыстэма будовы кніжкі адбівае сабою асноўныя моманты творчага шляху самога поэты. Узгодненасьць ліній гэтага шляху, што ідуць ад вобразаў нацыянальнай міталёгіі, адзгукаў народных сьпеваў у сучаснасьці, ад падзей нацыянальнай гісторыі, ад адчуваньняў і пазнаньня гарадзкой сучаснай культуры, адздабыткаў чалавечае думкі, ад уласнай сьвядомасьці і ад аўладаньня спадчынаю агульналюдзкое культуры (у галіне поэтычнага мастацтва) — гэта ўзгодненасьць і становіць сабою годнасьць выбраных твораў. Самы творчы шлях у галіне відаў поэзіі адпаведна гэтай сыстэме йдзе ад слоўнага выяўленства („жывапіснасьці“) і музычнай лірыкі да шырокай вобразнасьці вершаванага эпасу, ад лірычнага выяўленьня рэчаіснасьці да эпічнага яе афармаваньня. Такі шлях вызначаецца „Вянком“ у разьвіцьці творчасьці М. Багдановіча і вызнаны самім аўтарам як годнасьць літаратурна–мастацкай дзейнасьці, першаю справа здачаю, аб выніках якое і зьявілася фактычна кніжка выбраных вершаў.

Характарызуючы групы гэтых вершаў ці то ўступнымі вершамі, ці то эпіграфамі, як было ўжо зазначана вышай, М. Багдановіч вызначае разнастайныя каштоўнасьці іх і далёка не вызнае аднальковасьці характару каштоўнага для ўсіх вершаў. У кожнай нізцы вершаў М. Багдановіч адзначае як каштоўнае толькі тое, што на яго думку, зьяўляецца характэрным і асноўным для дадзенай нізкі. Гэтым самым выяўляецца ім той прынцып, па якому каштоўнае для аднаго можа быць не каштоўным для другога і які вымагае ад кожнага, хто трымаецца яго, лічыцца з сваеасаблівасьцю (самавітасьцю) кожнае зьявы ці рэчы і падыходзіць да іх у ацэнках адпаведна гэтым сваеасаблівасьцям.

У вершы, якім адчыняецца „Вянок“, М. Багдановіч, зьвяртаючыся да тых, хто любіць „натрапіць між страніц старых пажоўклых кнігі, ужо даўно забытай, блеклы высахшы лісток“, г. зн. фактычна да будучага чытача, т. ск., да археоляга мастацтва, кажа:

Праглядзеце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, сьвежыя калісьці
Думак шчырых і чуцьця.

Гэтым самым поэта перад тварам сваіх будучых чытачоў ацэньвае сваю кніжку выбраных вершаў як зборнік рэальных помнікаў таго, што калісьці ў поэты жыло шчырымі думкамі і пачуцьцямі, і ў сьвежасьці свайго красаваньня ім–жа самім зьнята і замацавана на паперы і, т. ч., захована ў сваіх рэальных формах для нашчадкаў як памяць, знак пра былое, думы і пачуцьці чалавека, што калісьці жыў на зямлі.

У гэтай характарыстыцы зьвяртае на сябе ўвагу падыход М. Багдановіча ў справе ацэнкі сваіх твораў. Ён глядзіць на іх, як выяўляецца ў гэтым вершы, з пункту будучага чытача, будучага чалавека. З пункту гледжаньня гэтага ідэальнага аддаленьня ад сваіх твораў, з „прыгожае далі“ перад М. Багдановічам свае ўласныя творы паўсталі як–бы ў двух абліччах: 1) выражанае з псыхалягічнага зьместу і 2) само