Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вершы...“ Асабістыя перажываньні поэта „не заўсёды выражае ў адкрытай форме, чарадуючы выабражэньне іх з абрысоўкаю адпаведных тэм з зьнешняга сьвету. Часта ён ня выказваецца проста, а ўкладае свой сьветагляд у тыя барвы сваіх поэтычных абразоў, каторыя ясна адбіваюць асобу поэты і яго настрой. ...Па характару зьместу мотывы ў творчасьці М. Багдановіча маюць у сабе матар’ял падвойнай якасьці: з аднэй стараны — рэальны, канкрэтны, плястычны... а з другой — эмоцыянальны, псыхолёгічны, адвалочны... Гэта змушае бачыць у яго творчасьці дзьве стыхіі: адна пераважаючая — стыхія канкрэтнага, а другая меншага спамеру — стыхія духовага сьвету“.

Пасьля–ж разгляду іншых старон творчасьці М. Багдановіча Ўзьнясенскі ўрэшце заключае: „Бясспрэчным і ачавістым астаецца бытнасьць двух кірункаў у творчасьці М. Багдановіча — клясычнага і романтычнага. Гэта паказуе, што поэта ішоў дарогаю сынтэзу, імкнучыся аб’яднаць у адно мастацкае суцэльнае найбольш высокія цэннасьці гэтых кірункаў і стыляў...“

У гэтых зазначэньнях цікавым зьяўляецца тое, што яны паказваюць на наяўнасьць каштоўнасьцяй у творчасьці М. Багдановіча, роўных клясычным, на што ў свой час зазначаў яшчэ З. Бядуля, а з другога боку — романтычным. Вядома, пасколькі аўтар у сваёй працы карыстаўся толькі матар’ялам „Вянку“, пастолькі ад яго погляду ўніклі каштоўнасьці іншага парадку, прынамсі, роўныя каштоўнасьцям беларускай народнай творчасьці, на якія зазначалася папярэдняю крытыкаю і якія поэта таксама імкнуўся ўвабраць у суцэльнасьць свае творчасьці. Гэтага парадку каштоўнасьці хоць і не ў такой меры, як вызначаныя вышэй, ёсьць і ў „Вянку“.

_____________

Апроч вызначаных прац па разгляду творчасьці М. Багдановіча, у рэгістрацыйным пяцёхгодзьдзі патрэбна адзначыць нарысы і агляды, у якіх творчасьць М. Багдановіча разглядаецца з сацыяльнага боку і выяўляецца імкненьне вызначыць поэту з гэтага боку (З. Жылуновіч), а таксама зазначаецца на каштоўнасьць творчасьці М. Багдановіча для пролетараў, „штодзённых цегляроў“ (М. Грамыка, Ганчарык), і вызначаецца каштоўнасьць працы М. Багдановіча як публіцыстага–гісторыка (У. Пічэта). Ня спыняючыся на гэты раз падрабязна на гэтых артыкулах, у агульным патрэбна сказаць, што другое пяцёхгодзьдзе ў гісторыі ацэнак М. Багдановіча выявіла імкненьне да шырокага ўсьведамленьня спадчыны М. Багдановіча, да шматбаковага яе акрэсьленьня і паказала фактычнае вызнаньне яе каштоўнасьці ў разьвіцьці літаратурна–крытычных разуменьняў наогул.

_____________

Агляд літаратурна–крытычных вызнаньняў і вызначэньняў М. Багдановіча прыводзіць да некаторых агульных вывадаў, якія перадусім выводзяцца да таго, што гісторыя крытычных ацэнак зьяўляецца гісторыяй жыцьця мастацкіх твораў і іх дзейных сіл у сьвядомасьці чытача, разнастайнага як з боку сацыяльнага і нацыянальнага, так і з агульнакультурнага яго ўзроўню. З прычыны гэтага такая гісторыя, нібы той баромэтр, паказвае на стан разьвіцьця культурных і літаратурна–мастацкіх інтарэсаў грамадзтва ў той ці іншы гістарычны момант і адбівае сабою барацьбу разуменьняў, полем якое зьяўляецца ў дадзеным выпадку мастацкая творчасьць.

Акідаючы агульным поглядам разьвіцьцё ацэнак творчасьці М. Багдановіча, выяўленых у той ці іншай форме ў крытычнай літаратуры, неабходна зазначыць на тры моманты, што яскрава вызначаюцца ў гіс-