Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

торыі гэтых ацэнак. Першы момант — гэта вызнаньне М. Багдановіча за песьняра сваеасаблівага–індывідуальнага яшчэ пры жыцьці поэты, другі — вызнаньне яго за нацыянальнага поэта–клясыка, якое адбылося ў жалобнае пяцёхгодзьдзе, і трэці — вызнаньне М. Багдановіча за мастака–сынтэтыка, якое прыпадае на час рэгістрацыйнага зьбіраньня спадчыны поэты ў другое пяцёхгодзьдзе пасьля яго сьмерці. Адначасова–ж усе гэтыя моманты справаджаюцца легэндаю аб М. Багдановічы як поэты „мастацтва для мастацтва“, якая ўтварылася з патрэбы ў свой час адрозьненьня М. Багдановіча ад іншых поэтаў–адраджаністых.

Усе гэтыя вызнаньні вызначаюць на будучы час новыя задачы ў галіне вывучэньня і ацэнкі спадчыны М. Багдановіча, пакінутай ім для нашчадкаў у выніку дзесяцёхгадовае творчае працы па ўзбудаваньню новай Беларусі ў пару нашаніўскага адраджэньня. Гэта — вывучэньне яго твораў у аспэкце беларускай народнай творчасьці, з аднаго боку, і ў аспэкце агульнаэўропэйскіх дасягненьняў у літаратурным мастацтве, якія праз М. Багдановіча ўвайшлі ў культурна–мастацкія скарбы беларускай літаратуры. З другога боку, праца М. Багдановіча ў галіне крытычнай, гісторыка– публіцыстычнай і грамадзкай яшчэ чакае свайго шырокага вызнаньня. Нарэшце, творчы вопыт М. Багдановіча ўва ўсёй яго шырыні патрабуе ад сучасных тварцоў новай, беларускай пролетарскай літаратуры поўнага выкарыстаньня і аўладаньня ім дзеля пасьпяховага разьвіцьця гэтай апошняй. Разьвязаньне гэтых задач будзе найлепшым помнікам М. Багдановічу — мастаку хараства жыцьця, да якога ён імкнуўся ўсёй сваёй істотаю і тым жывым вянком на яго магілу, пачатак завіваньня якога зрабіла першае дзесяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці поэты.

„Мы, пролетары, як сказаў М. Грамыка, якія ўжо навучыліся любіць і разумець хараство, павінны берагчы і пільнаваць зерняткі яго, каб перадаць іх тым, што яшчэ толькі праціраюць вочы свае запатнелай далоньню“ і тады, разам з З. Бядуляю, скажам: „Не, ён не памёр, ён жыве“, ён жыве ў нашай любові і няспынным імкненьні і тварэньні хараства новага жыцьця, жыцьця на сацыялістычных асновах.