Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вершаў і тым самым дасягнуў таго, што „ў кожным з яго вершаў чуецца цярпеньне, з якім каваў і гартаваў ён гэты верш. За тое–ж чутна ў ім сіла звону, за тое–ж і б’е ён, што аж іскры брызгаюць з халодных каменьняў“. Іначай кажучы, Ул. Дзяржынскі вызнае за каштоўнае ў М. Б. тое, што ён сьвядомаю працаю над вершам у беларускай мове ў выніку яе стварыў умову, патрэбную для адчуваньня сілы ўсіх тых трох уласьцівасьцяй, без наяўнасьці якіх немагчыма ўтварэньне „сапраўдных поэтычных пэрлаў“.

Аднак, вызнаючы каштоўнай працу М. Б. над вершам і рэеструючы яго каштоўнасьці, Ул. Дзяржынскі ўмяркована ставіцца да значэньня выніку ўсёй працы — зборніка „Вянок“. „Зборнік вершаў Багдановіча „Вянок“, –– піша ён, –– ёсьць нішто іншае, як студыя над формаю беларускага вершу“. У далейшым разглядзе Дзяржынскі неаднакроць спасылаецца на беларускую поэзію як умову, пры якой творчасьць М. Б. выгадна для сябе вылучаецца „на асобнае месца“ ад іншых поэтаў па разьмерах, „на адно з першых месц у беларускім пісьменстве“ па рыфмавых скарбах, а таксама і па форме вершаў. „Паміж пяскоў“ — „гэты сонэт, як казаў Буалё, варты ня менш, чымся доўгая поэма. А для беларусіна ён зьяўляецца цэлай эпопеяй“, — так ацэньвае Ул. Дзяржынскі сонэт „Паміж пяскоў“, іграючы словамі эпіграфу, узятаму М. Багдановічам да сонэту з Буалё.

Такім чынам, ня ставячы М. Багдановіча як стылізатара ў роўніцу параўнаньня з стылізатарамі ў іншых літаратурах, Дзяржынскі абмяжоўвае значэньне нацыянальным разрэзам і „законамі і нормамі поэтыкі наогул“, без конкрэтнага азначэньня яе па прыналежнасьці да тэй іншай школы поэзіі ў межах міжнародных, пакідаючы гэта пытаньне адкрытым. У кірунку гэтага апошняга пытаньня некаторы пачатак вызначэньням кладуць артыкулы М. Пятуховіча і А. Узьнясенскага.

М. Пятуховіч у артыкуле „М. Багдановіч як поэта імпрэсыяністы“ разглядае М. Багдановіча як поэту, які „займае ў гісторыі беларускага пісьменства асобнае месца“ сваім пахаджэньнем“, „асаблівымі абставінамі жыцьця“ і „асобнасьцю яго літаратурнага кірунку ў параўнаньні з іншымі беларускімі поэтамі“. На пытаньні наконт асобнасьці гэтага апошняга і спыняецца галоўная ўвага.

Вызнаючы за пануючы кірунак у беларускай літаратуры рэалізм, існасьць Багдановічавага кірунку М. Пятуховіч характарызуе наступным чынам. „Іншы характар, — кажа аўтар, — мае муза М. Багдановіча. Гэта нэрвовая муза гораду, яна ня ведае супакою і цішы, яна — гэта рух і зьменчывасьць. У той час, калі беларускія поэты–народнікі шырока абхапляюць жыцьцё; у той час, калі іх малюнкі паходзяць на шырокія палотны Рэмбрандта, — М. Багдановіч дае толькі бягучыя накіды рачавістасьці, адбівае асобныя яе мігі, зьмяняючыяся і ўступаючы сваё месца іншым мігам і ўражаньням. Там статыка жыцьця, тут дынаміка. Там рэалізм, тут, у М. Багдановіча, — імпрэсыянізм, фіксаваньне асобных мімалётных мігаў і ўражаньняў“.

Далей у якасьці довадаў гэтага палажэньня падаюцца ілюстрацыі вершаў нізак „Места“, „Старая Беларусь“, „У зачарованым царстве“ і некаторыя іншыя, як прыклады „мігаў“, „карыстаньня сродкамі музыкі“, „мітаў“, „мігаў яркага і моцнага ўражаньня“, „скептыцызму і пэсымізму“. Пры гэтым дадаюцца комэнтарыі наконт таго, што нагадвае той ці іншы момант у творах М. Багдановіча. Так, у дачыненьні прыёмаў зазначаецца, што „прыём фіксаваць мімалётныя ўражаньні мясцовага (відаць, трэба разумець „мястовага“. — А. Б.) жыцьця нагадвае вядомую манеру Бадлера, Верхарна і інш.“, вобраз бутэлькі, кі-