Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аўтарам застаўлена неўгрунтаваным і таму зьяўляецца, т. ск., „рабочаю гіпотэзаю“, якая патрабуе пільных досьледаў твораў М. Багдановіча, праверкі паданага палажэньня і канкрэтнага яго фармуляваньня.

Асноўнае–ж палажэньне артыкулу пра М. Багдановіча як прыродаапісальніка зводзіцца да наступнага. М. Багдановіч як прыродаапісальнік вызначаецца тым, што ён апісвае дэдукцыйным мэтадам зьявы прыроды міжнароднага характару, аддаючы перавагу такім, як лета, вечар, ноч, зоры, і ціхім тонам іх, і выяўляючы іх у асабовых, нязвычайных мастацкіх выражэньнях, што ствараецца ўражаньне нязвычайнай прыгожасьці простага і аднастайнага (у звычайным разуменьні), у скутку чаго зьяўляецца нязвычайнае эстэтычнае задаваленьне.

Каштоўнасьць працы Ўл. Дзяржынскага ў тым, што яна зьяўляе сабою спробу выразіць усьведамленьне таго ўплыву на чытача, які робіцца выражэньнямі М. Багдановіча, што выяўляюць зьявы прыроды, у параўнаньні з непасрэдным уплывам тых–жа зьяў на чалавека. У выніку гэтай спробы зьявілася думка, якая праходзіць праз увесь артыкул Ул. Дзяржынскага, аб тым, што творы М. Багдановіча ствараюць большае ўражаньне сваім слоўна–мастацкім выяўленьнем „міжнародных“ зьяў прыроды, чым самы гэтыя зьявы ў іх натуры. Вядома, каштоўнасьць такое думкі ўзглядная, пасколькі параўноўваюцца ўражаньні адзьяў далёка не аднаго роду: з аднаго боку, зьявы мастацкай культуры, а з другога — зьявы, дадзеныя ў прыродзе. Куды больш каштоўней было–б параўнаць творы М. Багдановіча з творамі поэзіі іншых поэтаў як у межах нацыянальных, так і міжнародных, якія, кажучы тэрмінам Дзяржынскага, „апісвалі“ такія–ж зьявы прыроды, як і разгляданы поэта. Тады М. Багдановіч вызначыўся–б шырэй, паўней і дакладней.

У другім артыкуле таго–ж аўтара творчасьць М. Багдановіча разглядаецца з боку яе літаратурнай вартасьці, за меру якое ўзяты „законы і нормы поэтыкі“, праўда, без азначэньня якой. У пляне гэтых законаў і нормаў поэтыкі адзначаюцца мэтрорытмічны, рыфмічны, эўфонічны і кампазыцыйна–вершавы бакі твораў М. Багдановіча. У дачыненьні паасобных мэтраў зазначаецца іх узорнасьць і дасканаласьць у беларускіх умовах. „Узоры трохмернага анапэсту, — кажа аўтар, –– бязумоўна мала маюць сабе па дасканаласьці роўных у беларускай поэзіі. Тут злучыліся, з аднаго боку, чыстае мастацтва, сапраўдны талент, а з другога боку — глыбокае знаньне тэхнікі вершаваньня, а вынікам гэтага злучэньня паявілася сапраўдная поэтычная пэрла“. У гэтым палажэньні пры ўсёй нявыразнасьці разуменьня „чыстае мастацтва“, каштоўна тое, што адзначаецца наяўнасьць у аўтара сапраўднай поэтычнай пэрлы трох уласьцівасьцяй як перадумоваў для ўтварэньня поэтычных каштоўнасьцяй — гэта: 1) прыродная надаронасьць, 2) уладаньне тэхнікай творчасьці і 3) дзейнасьць у кірунку наданьня бясформным матар’ялам патрэбных формаў адпаведна адчуваньню і разуменьню хараства.

Наогул–жа Ўл. Дзяржынскі вызначае М. Багдановіча як стылізатара беларускага вершу (правільней было–б сказаць: вершу ў беларускай поэзіі, пасколькі тэрмінам „беларускі верш“ некаторымі азначаецца верш складу беларускіх народных песень, а па–другое, і таму, што ў артыкуле разглядаецца, галоўным чынам, Багдановічаў клясычны верш тым, што ён (Багдановіч) сьвядома падбіраў разьмеры для вершаў адпаведна зьместу, выражэньнем якога зьяўляўся верш; надаваў ім разнастайныя формы, ствараў багатыя і дасканалыя рыфмы, упарадкаваў гукавы бок мовы, прывіваў разнастайныя канонічныя формы