Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

леньнем гэных супярэчнасьцяй зьяўляецца выяўленьнем і разнастайных старон аднаго і таго–ж твору ці наогул прадмету дачыненьня і ацэньваньня.

У дачыненьні мастацкіх твораў разнастайнасьць іх азначэньняў і ацэнак вызначаецца, галоўным чынам, падыходам да іх тых, хто выяўляе іх каштоўнасьці, і іх поглядам на самы каштоўнасьці. Адны ў мастацкіх творах цэняць думкі або пачуцьці, выражэньнем якіх зьяўляюцца гэныя творы. Другія ідуць далей і ацэньваюць умовы зьяўленьня і крыніцы пахаджэньня выражаных думак і пачуцьцяў. Трэція імкнуцца вызначыць значэньне нашэльнікаў выяўленай ідэолёгіі ў грамадзкім разрэзе. Чацьвертыя–ж углядаюць вартасьці саміх твораў, саміх выражэньняў як пэўных знакаў, і толькі. Для пятых каштоўна тое, што абуджаецца мастацкім творам у іх сьвядомасьці. Шостыя вызначаюць за каштоўнае тое, што, па іх думках, можа выклікаць мастацкі твор да жыцьця ў сьвядомасьці ці дзейнасьці іншых людзей ці ў іншым часе. Сёмыя будуць цаніць мастацкія творы як умову для фармаваньня пажаданых поглядаў, словам, для выхаваньня людзей пажаданага складу псыхікі, спосабаў думаньня і г. д. Восьмыя разглядацьмуць іх як матар’ял, прыдатны ў той ці іншай патрэбе, прыкладам, для высьвятленьня наогул пытаньняў мастацтва і інш. Яшчэ іначай расцэняць мастацкі твор дзевятыя, дзесятыя... і сотыя. Не зважаючы, аднак, на такую разнастайнасьць у магчымасьцях ацэнак, усё падлежнае ім распадаецца ў асноўным на дзьве катэгорыі: 1) тое, што знаходзіцца ці зьмяшчаецца за межамі мастацкага твору, але так ці іначай з ім зьвязана, і 2) тое, што становіць сабою сам твор вонку залежнасьці ад таго, чаго выражэньнем ён зьяўляецца або можа зьявіцца. Іначай кажучы, першую катэгорыю падлежнага ацэнкам складае об’ектыўнае, а другую — суб’ектыўнае з пункту гледжаньня самога твору.

З пададзеных зазначэньняў вынікае, што найбольш поўнаю ацэнкаю мастацкага твору ці наогул мастацтва або пэўных яго сіл, будзе тая, што ўлічае сабою і ўбірае ў сабе (засяроджвае) усё, што так ці іначай зьвязваецца з яе прадметам. Іначай кажучы, значна тая ацэнка (формула), якая зьмяшчае ў сабе падсумаваньне ўсяго напластаваньня і намнажэньня поглядаў і азначэньняў прадмету ацэнкі. Такое палажэньне абавязвае пры ацэньваньні любога мастацкага твору або ўсёй творчасьці таго ці іншага мастака да выяўленьня і высьвятленьня ўсіх тых ацэнак, якімі яны вызначаліся ў гістарычным сваім бытаваньні. У гэтым дачыненьні каштоўны ўсе тыя матар’ялы, якія тым ці іншым спосабам замацованы і захованы ў чалавечай памяці, незалежна ад гістарычнага значэньня тых асоб, якім належаць гэтыя матар’ялы.

Калі падыйсьці з гэтага боку да М. Багдановіча, то перадусім патрэбна зазначыць, што яго жыцьцё і дзейнасьць у канкрэтных сваіх выяўленьнях набылі ўжо досыць багаты, т. ск., „процанты капітал“ разнастайных ацэнак, дадзеных з поваду тых ці іншых праяў яго рознымі асобамі, у розны час і ў розных мерах. З гэтага боку творчасьць М. Багдановіча ня толькі ня спыняе росту сваіх вызначэньняў, а, наадварот, паглыбляе, пашырае іх і выяўляе ўсё новыя і новыя магчымасьці дзеля ўзросту гэтага напластаваньня ў будучых гадох. Яна сапраўды такая, „як дар прыроды — вінаграднае, густое, цёмнае віно: дні ідуць, праходзяць годы, — але ўсё крапчэй, хмяльней робіцца яно“. І нічога няма дзіўнага, калі гэтакая творчасьць у будучым намножыць ня толькі ацэнак, але і кірункаў, школ і новых твораў, новых мастакоў, што будуць весьці далей тую творчую працу, пачаткам якое яна зьяўляецца. Яна гэтага годна!