Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Уступныя ўвагі наконт ацэнак наогул

Кожны прадмет чалавечага дачыненьня на пэўнай ступені ў разьвіцьці гэтага дачыненьня становіцца прадметам асабовае або колектыўнае ацэнкі. З ліку такіх прадметаў не выключаюцца і мастацкія творы, і само мастацтва, і яго дзейныя сілы — мастакі, поэты і пісьменьнікі.

Значэньне ацэнкі вызначаецца, між іншым, і тым пунктам гледжаньня, з якога робіцца гэта ацэнка. Калі ім ахапляюцца ўсе стораны прадмету ацэнкі, усе яго разнастайнасьці і выяўляюцца погляды, разуменьні і практыка дачыненьняў шырокіх колаў грамадзтва, то і ацэнка, зробленая з гэтага пункту, будзе адпавядаць інтарэсам гэтых колаў, і таму раней ці пазьней яна будзе вызнана за правіловую. У праціўным выпадку яна буд зе мець значэньне альбо частковае, няпоўнае, абмяжованае, альбо і зусім зьвядзецца да нуля, як на гэта трапна зазначае Ф. Мэрынг, калі гаворыць наконт значэньня асабістага эстэтычнага густу: „Ёсьць ведама, — кажа ён у сваіх „Эстэтычных нататках“ („Aesthet[ische] Streifzuge“), — мера гістарычнага значэньня таго ці іншага суб’ектыўнага густу залежыць ад гістарычнага значэньня людзей, якія ўладаюць гэтым густам; пасколькі для нас цікавы гістарычныя фігуры Маркса, Ласаля, Штэйна, Шапэнгаўэра, пастолькі цікавы і іх эстэтычны густ. Наадварот, у гістарычна малакаштоўных асоб гістарычнае вызначэньне іх суб’ектыўнага густу спадае да нуля...“

Ставячы зазначэньне Ф. Мэрынга ў роўніцу ня толькі эстэтычных густаў асобы, але наогул поглядаў і разуменьняў асобы, якая ацэньвае той ці іншы прадмет, вынікае, што значэньне ўсякае ацэнкі прадумоўліваецца наступнымі момантамі: 1) асобаю, якая цэніць (суб’ект ацэнкі), 2) мераю каштоўнасьці, ужытаю пры ацэньваньні (крытэры ацэнкі), 3) спосабам ацэньваньня (мэтод ацэнкі), 4) мэтаю, якая сочыцца асобаю пры ацэньваньні (мэта ацэнкі) і 5) самым выражэньнем ацэнкі (формула ацэнкі).

Бяручы на ўвагу ўласьцівасьць вызначаных момантаў зьменьвацца ў працэсе гістарычнага іх разьвіцьця незалежна ад об’ектаў ацэньваньня, становіцца зразумелаю ўся тая разнастайнасьць ацэнак у дачыненьні да пэўных прадметаў мастацтва, якая намнажаецца з цягам гадоў вакол гэных прадметаў. Аднак пры такім стане ў разьвіцьці момантаў, якімі вызначаецца каштоўнасьць ці значэньне таго ці іншага мастацкага твору, ня можа быць сумненьня ў тым, што сама разнастайнасьць ацэнак у пэўнай меры адбівае сабою разнастайнасьць уласьцівасьцяй адпаведных об’ектаў ацэнак. З прычыны гэтага наяўнасьць супярэчнасьцяй між ацэнкамі адбівае сабою ня столькі супярэчнасьці ацэненых твораў, сколькі тыя супярэчнасьці, што існуюць між суб’ектамі ацэнкі. Адгэтуль разнастайнасьць ацэнак адначасова з выяў-