Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

раньня ў сабе здабыткаў мастацкай культуры чалавецтва наогул, а з другога боку, сама прабівае сабе, як культурна–раўнапраўнай і нацыянальна–сваеасаблівай адзінцы, уваход у склад новай эўропэйскай культуры, якую нясуць з сабою, з аднаго боку, пролетарыят, а з другога — прыгнечаныя нацыі, што распачалі сваё культурнае адраджэньне.

Аднак у жалобнае пяцёхгодзьдзе яшчэ ня ўся работа была зроблена. Засталіся нявызнанымі вынікі дзейнасьці М. Багдановіча, выяўленыя ня ў форме ўтварэньня поэзіі, а ў форме крытыкі, публіцыстыкі, грамадзкай працы і інш. Часткова гэтыя галіны вызначацца ўжо ў другое пяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці поэты, а большая частка становіць сабою задачу наступных гадоў. З другога боку, вызнаньне вялікага значэньня творчасьці М. Багдановіча ў Беларусі пакідае яшчэ і да гэтых часоў пытаньне аб вызнаньні яго па–за межамі Беларусі нявырашаным.

Гэтае самае значэньне М. Багдановіча ў беларускіх умовах паставіла задачу канкрэтнай рэестрацыі і дыфэрэнцыяльнага вывучэньня каштоўнасьцяй спадчыны М. Багдановіча. Падзнакам разьвязваньня гэтай задачы праходзіць другое пяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці М. Багдановіча.

М. Багдановіч у крытыцы рэгістрацыйнага пяцёхгодзьдзя

Другое пяцёхгодзьдзе ў гісторыі вызначэньня каштоўнасьцяй спадчыны М. Багдановіча вызначна тым, што ў гэты час прыкмячаецца імкненьне падыйсьці да творчасьці поэты з разнастайных пунктаў гледжаньня і больш канкрэтна акрэсьліць разуменьні аб ёй.

У гэта пяцёхгодзьдзе поруч з агульнымі аглядамі беларускага пісьменства, у якім пэўнае месца вылучаецца М. Багдановічу, зьяўляюцца і спэцыяльна пасьвечаныя яго творчасьці або асобным галінам яе крытычныя нарысы. Усё гэта гаворыць, з аднаго боку, пра павялічэньне цікавасьці да М. Багдановіча, а з другога — пра пэўнае разьвіцьцё крытычнай думкі, якая зьяўляецца найлепшым паказьнікам стану культурнага разьвіцьця наогул і разьвіцьця інтарэсаў у галіне мастацкай культуры.

Да гэтага пяцёхгодзьдзя належаць зьяўленьне нарысаў па беларускай літаратуры Е. Карскага, спэцыяльных прац пра М. Багдановіча Ўл. Дзяржынскага, праф. Пічэты (1922 г.), М. Пятуховіча, этуду М. Грамыкі (1923 г.), агульных нарысаў З. Жылуновіча (1924 г.), агляду А. Узьнясенскага (1926 г.) і інш. У гэта–ж пяцёхгодзьдзе выяўляюцца і т. зв. рэвізыйныя імкненьні ў дачыненьні некаторых разуменьняў пра М. Багдановіча, утвораных як у папярэдні час, так і ў разгляданае пяцёхгодзьдзе.

Разьмяркоўваючы азначаныя крытычныя агляды ў парадку іх фонолёгічнага зьяўленьня, у першую чаргу патрэбна адзначыць працу Е. Карскага, і тым больш таму, што яна зьяўляецца першаю акадэмічнаю працаю на расійскай мове, якая мела за мэту, згодна слоў самога аўтара, азнаямленьне чытача з беларускай мастацкай літаратурай на народнай мове і якая на Беларусі выклікала цэлую буру абурэньня супроць сябе. У крытыцы гэтай кнігі[1] адзначаліся значныя недахваты, асабліва з боку ідэолёгічнага асьвятленьня беларускіх пісьменьнікаў, якое выразілася як у падборы матар’ялаў, так і ў комэнтарыях да іх. Аднак пры пэўным крытычным стасунку да гэтае працы яна не

  1. Ул. Дзяржынскі. „Белорусы“ Е. Карскага“. Полымя, № 2 за 1923 г., а таксама крытыка працы Карскага на публічным вечары, гл. Полымя, № 5–6 за 1923 г.