Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Азнаёміўшыся з вялікім кветнікам усясьветнай поэзіі ад старадаўных клясычных часаў па сягонешні дзень, Багдановіч навастрыў сваё поэтычнае пачуцьцё, узбагаціўшы родную нацыянальную поэзію новымі формамі, новымі гармоніямі, фарбамі, вобразамі і мэлёдыямі. Ён умеў знаходзіць фарбы там, дзе другія праходзілі міма, нічога ня бачачы“.

„На беларускай ліры ён выпрабаваў розныя тоны, розныя акорды поэзіі, паказваючы гібкасьць і мэлёдыйнасьць жывой беларускай мовы, на якой можна выказаць самыя чуць улаўляныя размаітнасьці думак і пачуцьцяў“.

Гэта характарыстыка зьяўляецца найлепшай ацэнкай М. Багдановіча як поэта, і найпаўнейшым з усіх, што ёсьць у крытыцы, канкрэтным значэньнем кірунку яго ў поэзіі як літаратурным мастацтве. У дачыненьні гэтага апошняга, як выяўляецца ўжо з вышэйпададзеных азначэньняў, поэзія М. Багдановіча ацэньваецца перадусім як нацыянальная клясычная поэзія. У творах гэтай поэзіі вызнаюцца за іх уласьцівасьці плястычнасьць, музычнасьць, рэльефнасьць, выразнасьць, сьцісласьць, суцэльнасьць і народнасьць складу. „Некалькімі характэрнымі штрыхамі Багдановіч даваў цэлы, жывы малюнак, нібы старасьвецкія мосежныя барэльефы з цуднымі орнамэнтамі“, — кажа З. Бядуля ў 1917 г. Тое–ж ён кажа ў 1918 г. у дачыненьні вершаў М. Багдановіча. „Вершы яго строга кароткія, ярка вобразныя і рэльефна–выразныя. Нідзе ў іх нельга ні адняць, ні прыбавіць. Гэта старасьвецкія гравюры з мастацка–стылізаванымі арнамэнтамі“. У 1920 г. гэтыя азначэньні дапаўняюцца наступнымі: „Ва ўсіх творах Багдановіча чуецца старанная, строгая апрацоўка, багацьце і размаітасьць вобразаў і формаў, вялікая краса і глыбіня думак. У сваіх кароценькіх вершах ён куе родную красу і торыць дарогу для другіх беларускіх поэтаў“. Такога–ж характару азначэньні твораў М. Багдановіча падаюцца і ў іншых крытычных матар’ялах жалобнага пяцёхгодзьдзя. Канкрэтныя зазначэньні наконт нацыянальных формаў поэзіі М. Багдановіча падаюцца М. Гарэцкім у яго „Гісторыі беларускай літаратуры“.

У дачыненьні чыннасьці твораў М. Багдановіча яны ацэньваюцца як творы поэзіі, якая мае вялікую сілу і ўплыў, якая „асьвяжае душу“, „ачышчае яе ад брудаў будняга жыцьця“, і „дае асалоду“ (А. Луцкевіч), „ачышчае душу адзвычайных інстынктаў“, дадае змораным барацьбою сілы для далейшае працы, будзіць фантазію, выяўляе вобразы мінулага, паказвае на гібкасьць мовы, чаруе сваёю глыбінёю думак, выяўленьнем красы роднага краю, інтэлектуальнага багацьця, вучыць дзейна любіць свой край, вучыць мастацтву і торыць дарогу сваім наступнікам у поэзіі (З. Бядуля). Гэта поэзія даступна для ўсякага пісьменнага чалавека.

Такім чынам, у жалобнае пяцёхгодзьдзе творчасьць М. Багдановіча атрымала вызнаньне як нацыянальная клясычная поэзія, якая выражае сабою думкі і пачуцьці як асабовага, так і нацыянальнага і міжнацыянальнага значэньня і зьяўляецца практычным узорам для навукі ў мастацтве маладых поэтаў. Такое вызнаньне фактычна азначае, што М. Багдановіч сваёю творчасьцю адыграў вялікую ролю ў разьвіцьці беларускае поэзіі. М. Багдановіч як культурны нацыянальны поэта з пэўным філёзофскім сьветаглядам на яго першай ступені ўсебаковага разьвіцьця і размаітага афармаваньня, сваёю практыкаю поэтычнай творчасьці адкрыў новыя магчымасьці ў разьвіцьці беларускай поэзіі і палажыў моцную аснову новай паласы ў гэтым разьвіцьці яшчэ за часы нашаніўскага адраджэньня, менавіта тэй паласы, на якой беларуская літаратура шырока адчыняе свае дзьверы для ўбі-