Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рэцкі), за поэзію, багацьце формаў вершу якое „адпавядае багацьцю перажываньняў, каторыя, пры сваёй глыбіні, маюць характар агульналюдзкі“. „Гэта нічога, — піша А. Луцкевіч у сваіх нарысах „Нашы песьняры“, — што поэта з любасьці выбірае мотывы родныя — беларускія, у іх ён заўсёды ўмеў знайсьці асноўны агульналюдзкі момант. Яго верш гэтаксама гаворыць беларусу, як і чужынцу, падобна, як музыка вялікага маскоўскага кампазытара Чайкоўскага, карыстаўшагася мотывамі свайго народу, роўна прамаўляе да душы кожнага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнасьці. Бо М. Багдановіч не фатаграфуе жыцьця, а нанава ператварае яго ў сваёй чуткай, далікатнай і асабліва інтэлігентнай душы“. Такім чынам, крытыка ў асобе А. Луцкевіча, быўшага „верхняпалатаўца“, фактычна вызнае поэзію М. Багдановіча за поэзію, што выражае такую сыстэму сьветаадчуваньня, у склад якое нацыянальны момант уваходзіць як частка цэлага, як разнастайнасьць некаторага адзінства, дзякуючы якому поэзія выходзіць з нацыянальнага абмежаваньня ў сваім значэньні.

Больш канкрэтна ў гэтым пытаньні падыходзіць З. Бядуля ў сваім артыкуле „Натхненьне і Гармонія“, прысьвечаным памяці М. Багдановіча ў зьвязку з трэцяй гадавінаю яго сьмерці. Ён разглядае поэзію М. Багдановіча як поэзію, што выражае сабой пэўную сыстэму поглядаў на хараство, мастацтва і яго значэньне, пэўную, т. ск., эстэтычную ідэолёгію. Гэтыя погляды ў асноўным фармуляваны З. Бядуляю наступнымі палажэньнямі: 1) усюды ёсьць хараство; 2) людзі, занятыя будзённымі справамі жыцьця, ходзяць па дарагіх скарбах, не прыкмячаючы іх; 3) толькі поэт, каторы аддаецца ўвесь служэньню музам, усё гэта бачыць і адчувае; 4) у зьлітнасьці з хараством прыроды чалавек знаходзіць шчасьце; 5) поэт у душы сваёй ператварае камень на золата; 6) душа поэты адбівае жыцьцё ў розныя колеры; 7) чалавек можа толькі тады быць поэтам, калі душа яго прасякнута хараством да самазабыцьця, да самаахвярнасьці; 8) хараство мае практычную карысьць; 9) хараство сваёю бязьмежнаю сілаю ачышчае душу адзвычайных інстынктаў; 10) краса дае шчасьце і натхненьне, але натхненьне без гармоніі не дасягае мэты; 11) усё павінна быць у мастацтве апрацована; 12) хаотычнае падаваньне пекных слоў, вобразаў бяз сыстэмы, без апрацоўкі, бяз цэльнасьці ня маюць патрэбнага ўплыву на людзей; 13) у поэзіі, апрача душы — натхненьня, павінна быць і голае цела — добрая тэхніка.

Вядома, ня ўсе гэтыя палажэньні, пададзеныя З. Бядуляю, зьяўляюцца дакладнымі ў сэнсе афармаваньня існасьці поглядаў М. Багдановіча, выражаных у яго творах. Шмат якія з іх патрабуюць удакладненьня і паправак. Пакідаючы крытычны разгляд іх для асобнага нарысу, тут патрэбна зазначыць, што поэтычныя творы М. Багдановіча ў жалобнае пяцёхгодзьдзе знайшлі сваю ацэнку як багаты матар’ял дзеля ўтварэньня, выяўленьня разуменьняў хараства, мастацтва, поэзіі, мастацкіх твораў і наогул умоў і існасьці мастацтва.

У вышэйпададзеным выяўленьні поглядаў М. Багдановіча характэрным зьяўляецца тое, што З. Бядуля вызначае іх як выяўленьне, з аднаго боку, як–бы культу хараства, а з другога — практычнай дзейнасьці поэта–мастака. На падставе гэтага М. Багдановіч і вызначаецца ім як „адзін з жрацоў хараства“ і як „практычны настаўнік поэзіі“.

З погляду гэтых двух пунктаў З. Бядуля характарызуе поэтычную дзейнасьць М. Багдановіча наступным чынам: „За кароткі час свае творчасьці ён (М. Багдановіч. — А. Б.) выведаў тайну гармоніі, вывучыў хартыі роднай красы і вянкамі вясновых поэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэньня“.