Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абуджаных ёю настрояў у поэты. Гэтым самым Багдановічава „поэзія роднай Беларусі“ знайшла сабе ацэнку як поэзія, у якой сынтэзаваліся дзьве плыні: адна, што выражала сабою нацыянальна–творчую сілу, культурным нашэльнікам якое быў поэта, і другая, што зьяўляла сабою рэальныя праявы жыцьця і поэзіі, якія паслужылі об’ектам поэтычнага ўвабражэньня для першай.

У дачыненьні да паасобных момантаў гэтай „поэзіі роднай Беларусі“ яе каштоўнасьць вызначаецца ў літаратурнай крытыцы тым, што яна выяўляе „цудна– лірычныя парываньні да роднага краю“, якія „чаруюць і вабяць сваёю трагічнасьцю і пекнатою“ — і якія ў сваім поэтычным выражэньні набываюць значэньне, далёка неабмяжованае нацыянальнымі рамкамі. Адзначаючы верш „Упалі з грудзей пана бога“ як адно з гэтых выражэньняў, З. Бядуля характарызуе значэньне яго наступным чынам: „Гэткім пэрлам поэзіі, — кажа ён, — можа гардзіцца кожная з эўропэйскіх літаратур. Такі багаты велічам абраз, выказаны кароценькімі словамі, рэдка каму з поэтаў удаецца. Кожны радок будзіць фантазію сваімі яркімі фарбамі. У прыгожай і ўтончанай форме выказана бязьмернае каханьне да бацькаўшчыны...“

Адносна вобразаў мінулага Беларусі і народнай міталёгіі, якія выяўлены Багдановічавай „поэзіяй роднай Беларусі“, той–жа аўтар зазначае, што „тое неўлавімае і невыразнае, атуленае пылам старасьвеччыны, цераз прызму яго клясычнай поэзіі (падкрэсьлена мною. — А. Б.), пералівалася яснымі і выразнымі вясёлкамі („Слуцкія ткачыхі“, „Летапісец“ і інш.). Беларуская міталёгія з тыгеля яго творчасьці выходзіла грацыйная і зычная, нібы каскад брыльлянтовы ўдараўся аб гулкае залатое дно“.

Вобразы прыроды ў гэтай поэзіі адзначаюцца як новыя, жывыя і прасякнутыя „мэлёдычнасьцю душы поэты“. „Кожнае дрэва з беларускае пушчы, — пералічае З. Бядуля гэтыя вобразы, — струна. Кожнае вазярцо — чара, напоўненая хмельным віном. Кожная лагчынка — гэта чыясь рука зрабіла ўзор саматканы. Уздохі ветра — таемныя сказы лясуноў, русалак і вадзянікоў пад месячнымі праменьнямі. Сялянская дзяўчына, тулячая да сваіх грудзей маленькае дзіцянё на жытняй мяжы, — гэта Мадонна, гэта божая сьвятасьць... Уся Беларусь — „тысячы крэпка нацягнутых струн“, на якіх вялікі кампазытар–поэт творыць свае чаруючыя сымфоніі“.

Вобразы праяваў беларускай рэчаіснасьці вызначаюцца як вобразы, намалёваныя мастацка, а з другога боку, як песьні, у якіх выразілася павялічэньне асабовае „тугі і сумнасьці“, крыніцаю якое была аддаленасьць поэты ад радзімы, а пазьней ачавістае азнаямленьне з „хмарамі і балотамі“ ў краі ўбогім. Характарызуючы ўражаньні ад твораў гэтай поэзіі, З. Бядуля кажа: „Праймаючыся яго творамі, адбіваецца такое ўражаньне, нібы мэлёдычныя, крэпка нацягнутыя струны рвуцца, і чароўныя плоймы зыкаў пераліваюцца ў водгуках гэтых рвучыхся струн. Здаецца, нібы музы плачуць над ім, а сьлёзы іх застываюць у дарагія пэрлы“. Так вызначаецца „арэол тугі і сумнасьці“ вакол поэзіі М. Багдановіча — „поэзіі роднай Беларусі“, у якой „уяўленьне і палкасьць душы білі фантанам сонечнай красы“...

У дачыненьні пытаньня наконт вызнаньня поэзіі М. Багдановіча як поэзіі, што выражае ня толькі перажываньні асабовага ці нацыянальнага характару, але і такія, што выходзяць з гэтых межаў і ў сваіх выражэньнях набываюць больш шырокае значэньне, крытычныя матар’ялы жалобнага пяцёхгодзьдзя ў пераважнасьці абмяжоўваюцца агульнымі зазначэньнямі. З гэтага боку поэзія М. Багдановіча вызнаецца за „працу мысьленьніка, апранутую прыгожаю слоўнаю шатаю“ (М. Га-