Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

які „шмат зрабіў, але мог яшчэ болей зрабіць“ (З. Бядуля), „шчырага сына Беларусі“, які „быў у жыцьці“, можа, больш, чым у поэзіі, гасьцём „з высокага неба“ (Ус. Ігнатоўскі); для беларускай поэзіі — „песьняра чыстае красы“, каторы ўсё сваё нядоўгае жыцьцё пасьвяціў служэньню беларускаму народу, даючы яму найдаражэйшыя скарбы свае чулае артыстычнае душы, уплятаючы ў цудоўны вянок свае творчасьці дзіўныя „краскі, сьвежыя калісьці, думак шчырых і жыцьця“ (А. Навіна (А. Луцкевіч), утрата якога „для беларусаў тым больш цяжкая, што між песьнярамі маладое Беларусі няма нікога, хто быў–бы хоць крыху блізак да Багдановіча, хто замяніў–бы яго (А. Навіна — А. Луцкевіч), багаты талент каторага „суліў многае даць у скарбніцу беларускае літаратуры“, калі–б ня вораг — сухоты, які перапыніў творчасьць поэты і зьвёў яго ў магілу (З. Жылуновіч); і, нарэшце, наогул для жыцьця — аднаго з тых людзей, якія „горят, согревая жизнь и освещая путь другим, но мало заботясь о себе“ (Аляксандар Цітоў).

Ацэнка спадчыны, якая засталася ад поэты, знайшла сваё выражэньне ў факце азначэньня ўсіх тых галін працы, удзел у якіх браў М. Багдановіч. У дачыненьні іх зазначаецца, што поэта браў удзел „у змаганьні з рознымі праціўнікамі адраджэньня“ і ў ім „зусім забываўся аб сваёй хваробе“, што ён „апрача вершаў, пісаў яшчэ апавяданьні, крытыку беларускае літаратуры, публіцыстычныя стацьці па–расійску ў розных журналах аб беларускім руху“, „...вельмі важныя працы друкаваў у жур. „Украинская жизнь“ аб рытміцы вершаў розных украінскіх поэтаў“, а ў 1916 г. у Менску, у атмосфэры, атручанай чорнаю рэакцыяй, ён „...організовываў беларускую моладзь, чытаў рэфэраты аб беларускім руху, складаў беларускую хрэстаматыю і г. д.“ (З. Бядуля). Ужо гэтым простым пералічэньнем галін працы М. Багдановіча вызначалася багацьце спадчыны М. Багдановіча, і гэта давала падставу высока ацэньваць значэньне яго ў культурна–нацыянальным адраджэньні Беларусі. З. Бядуля, заканчваючы свой нэкролёг, гэта значэньне выражае ў поэтычнай форме наступным чынам: ён зьвяртаецца да зязюлі (вобраз М. Багдановіча) і кажа ляцець на магілу поэты і закуваць там аб тым, што „гаротная Беларусь ніколі яго не забудзе... На скрыжалях адраджэньня роднага краю яго імя будзе зьзяць у небе Беларусі сьветлай зоркай навекі“ („Вольная Беларусь“ за 1917 г.).

Аднак з усяго багацьця спадчыны ў жалобнае пяцёхгодзьдзе зьвяртаецца галоўная ўвага на вынікі поэтычнай дзейнасьці М. Багдановіча, якія і вызнаюцца за вялікія і каштоўныя, галоўным чынам, з пункту гледжаньня нацыянальных мастацкіх здабыткаў. У асноўным гэтыя вынікі літаратурная крытыка вызначае ў пляне наступных пунктаў: 1) „поэзія роднай Беларусі“, 2) поэзія як выражэньне пэўнага сьветаадчуваньня і сьветагляду, 3) поэзія як літаратурнае мастацтва і 4) поэзія як дзейны сацыяльны чыньнік. Па гэтых лініях і робіцца ацэнка поэтычнай спадчыны М. Багдановіча ў азначанае пяцёхгодзьдзе.

Ужо пры агульным адзначэньні галін дзейнасьці М. Багдановіча на ніве адраджэньня, літаратурная крытыка ў асобе З. Бядулі зазначыла на тое, што ён „за ўсе годы свае працы... даў нам багатую поэзію роднай Беларусі“. Пазьней, у зьвязку з першай гадавінаю сьмерці поэты, З. Бядуля больш канкрэтней акрэсьлівае разуменьне гэтай поэзіі. У васноўным ён вызначае яе як поэзію, якая адбіла ў сабе: 1) асабовыя імкненьні да роднага краю, дзейнае каханьне да яго і веру ў яго адраджэньне, 2) вобразы мінулага Беларусі і народнай міталёгічнай творчасьці, 3) вобразы прыроды беларускай у асабовым да яе дачыненьні поэты і 4) вобразы сучаснай поэту Беларусі ў сьвятле