Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зараз вызнана за поэзію „чыстай красы“, за поэзію, якая вылечвае чэрствасьць „душ“, за пэрлу беларускай поэзіі.

Палажэньні А. Луцкевіча, высунутыя ў разгледжанай рэцэнзіі, паўтараюцца ім у артыкулах пазьнейшых, — з некаторымі новымі азначэньнямі, як артыстычнасьць і інш., — якія зьявіліся ў сьвет ужо пасьля сьмерці поэты. Да гэтага–ж моманту пытаньне аб вызначэньні каштоўнасьці творчасьці М. Багдановіча лічыцца як–бы вырашаным, прынамсі, яно не зьяўляецца актуальным у гэты час і па дадзенаму пытаньню крытычных матар’ялаў у друку не зьяўляецца. І толькі 1917 год, год сьмерці М. Багдановіча, зноў узьнімае пытаньне наконт значэньня ўжо памёршага поэты і тым самым пачынае новы кругабег у гісторыі крытычных ацэнак творчасьці М. Багдановіча.

М. Багдановіч у літаратурных азначэньнях жалобнага пяцёхгодзьдзя

Пасьля сьмерці М. Багдановіча ў гісторыі крытычных ацэнак яго творчасьці выразна вызначаюцца ў асноўным два этапы новага кругабегу ў ёй. Першы з іх абнімае сабою час ад 1917 г. да 1921 г. уключна і характарызуецца галоўным чынам крытычнымі ацэнкамі жалобна–ўрачыстага парадку. Другі этап пачынаецца з 1922 г. і даходзіць да нашых дзён, да дзесятай гадавіны сьмерці поэты, з якою намячаецца новы, трэці кругабег у разьвіцьці крытычнае думкі, што да творчасьці М. Багдановіча. Другі этап вызначны тым, што ў гэты час, у зьвязку наогул з разьвіцьцём беларускай культуры пад кіраўніцтвам Комуністычнае партыі і Савецкае ўлады, узьнімаецца асаблівая цікавасьць і да творчай спадчыны М. Багдановіча і імкненьне да яе асваеньня крытычна–навуковаю думкаю шляхам дыфэрэнцыяльнай рэестрацыі каштоўнасьцяй гэтай спадчыны.

Асяродкам літаратурна–грамадзкай увагі ў дачыненьні да М. Багдановіча ў жалобнае пяцёхгодзьдзе зьяўляецца тая творчая сіла, нашэльнікам якое быў поэта і якая з яго сьмерцю адчувалася як вялікая страта ў беларускім культурна–нацыянальным адраджэньні, у беларускай поэзіі і ў жыцьці наогул.

Выражэньню гэтага адчуваньня і ўсьведамленьня ў велічы страты прысьвячаецца шмат нэкролёгаў, артыкулаў і вершаў памяці поэты ў зьвязку з гадавінамі дню яго сьмерці, а таксама памінальных вечароў з успамінамі пра М. Багдановіча і рэфэратамі пра яго творчасьць. З такіх вечароў зарэестраваны друкам вечары, што адбываліся ў Вільні (1917 г.), Маскве (1921 г.) і Менску (1923 г.). Артыкулы, прысьвечаныя памяці М. Багдановіча, зьмяшчаліся такімі газэтамі і часопісямі, як „Гоман“ (Вільня, 1917 г.), „Грамада“ (Менск, 1917 г.), „Голос“ (Яраслаў, 1917 г.), „Вольная Беларусь“ (Менск, 1917 і 1918 г. г.), „Беларускі шлях“ (Менск, 1918 г.), „Рунь“ (Менск, 1920 г.), „Савецкая Беларусь“ (1921 г.), „Дни нашей жизни“ (Горы–Горкі, 1922 г.) і іншыя ў пазьнейшым часе. Вершамі ўшаноўвалі памяць поэты ў жалобнае пяцёхгодзьдзе Ясакар, Макар (1918 г.), а пазьней Ул. Дубоўка, Лебедзь, Александровіч (1925 г.). Пераважнасьцю гэтых матар’ялаў — жалобна–памінальнага характару — над матар’яламі гісторыка–літаратурнага, сьцісла–крытычнага і характарызуецца першае пяцёхгодзьдзе пасьля сьмерці М. Багдановіча, якое дзеля гэтага і вызначаецца як жалобнае пяцёхгодзьдзе ў гісторыі ацэнак творчасьці М. Багдановіча.

Сьмерць поэты, як гэта выяўляецца ў матар’ялах адзначаных крыніц, у гэта пяцёхгодзьдзе вызнана за вялікую і „страшэнную“ страту і вызначана як страта для „беднай Беларусі“, „гаротнага народу“ яе культурнага шматграннага працаўніка на ніве адраджэньня,