Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якое глядзяць на жыцьцё — рэальнае, цяжкое, поўнае змаганьня і бязупыннае працы“. Іначай кажучы, гэтым аўтар рэцэнзіі агульна зазначае на наяўнасьць у М. Багдановіча сваеасаблівага складу сьветаадчуваньня і на наяўнасьць пэўнага сьветапагляду, хоць вызначэньне канкрэтнага зьместу іх і пакідаецца адчыненым.

Разуменьні–ж красы, якія выражаюцца аўтарам гэтай рэцэнзіі, выяўляюцца ім у адзнаках, якімі ён характарызуе вершы М. Багдановіча і якія ў сваю чаргу складаюць зьмест гэтых разуменьняў як „шчыры водклік“ чытача — гэта мяккасьць тонаў, падобных да тонаў на старых гобэленах, відомасьць рэальнасьці, лёгкасьць вершу і яго плаўнасьць, як вынік адумысловай работы, адпаведнасьць формаў выражэньня выражанаму, рэдкасьць будовы вершавай, „якой могуць пахваляцца... найбольш культурныя народы“, і прыгожасьць, падобная каштоўнасьці дарагіх каменьняў.

Адгэтуль і ўвесь зборнік адзначаецца такою формулаю, як: „Вянок — гэта праўдзівая пэрла ў беларускай поэзіі“, і тым самым вынікі мастацкай працы М. Багдановіча вызнаюцца за высока каштоўныя ў беларускай поэзіі, а менавіта адпаведныя разуменьням „чыстае красы“ , што выражаны аўтарам рэцэнзіі, ці, іначай кажучы, тым „ідэалам прыгожага“, адным з нашэльнікаў якога быў і аўтар рэцэнзіі. Дзеля гэтага ў рэцэнзіі надаецца і адпаведная годнасьць М. Багдановічу — годнасьць „песьняра чыстае красы“, што фактычна азначала залічэньне поэты ў шэрагі нашаніўскіх адраджэнцаў „верхняпалатаўскага“ стану.

Сама годнасьць, нададзеная такім чынам, аднак, ня зусім адпавядала тым разуменьням аб М. Багдановічу як поэце, якія выяўлены былі аўтарам рэцэнзіі. Адзначэньне мастацтва Багдановічавага, як адумысловай, сьвядомай працы над мастацка–поэтычнымі выражэньнямі, паказвае на тое, што М. Багдановіча аўтар рэцэнзіі разумеў перадусім як поэта–мастака, як умелага майстра поэтычнага слова. У гэтым дачыненьні зьяўляецца характэрным тое, што аўтар рэцэнзіі пра М. Багдановіча як „пісьменьніцкі талент“ не гаворыць, а таксама характэрна зазначэньне наконт таго, што ёсьць і лепшыя поэты за М. Багдановіча, г. зн. за „песьняра чыстае красы“. Каго канкрэтна меў на ўвазе ў даным выпадку А. Луцкевіч невядома, але факт такога зазначэньня паказвае на тое, што годнасьць, наданая ім М. Багдановічу, ня зусім адпавядала разуменьням аб ім, аднак, і не супярэчыла ім, бо аснована на ідэалістычным поглядзе, што кожны чалавек ёсьць ні што іншае, як орган пэўнай ідэі ці субстанцыі, якая ў сапраўднасьці была ні чым іншым, як рэальнай патрэбаю ці інтарэсам пэўнага асяродзьдзя, фармальна ўзьведзенаю на ступень абсолюта.

Як паказвае апошняе заключэньне А. Луцкевіча ў рэцэнзіі аб тым, што падобна таму, „як у летні гарачы дзень у крыстальна чыстай крынічнай вадзе асьвяжаецца наша цела, так асьвяжае душу поэзія Максіма Багдановіча“, насьпеўшая патрэба ў „асьвяжэньні“ і была фармальна ўзьведзена да ідэі „чыстай красы“ (відаць, у працівастаўленьне „красе нячыстай“, адпаведнай „нясьвежым душам“, або, як потым скажа сам А. Луцкевіч, „нячыстым ад брудаў будняга жыцьця“). За орган гэтай ідэі і быў вызнаны М. Багдановіч, бо быў не падобны да іншых поэтаў і закрануў якраз тое, што падлягала асьвяжэньню і ачышчэньню і ў асяродзьдзі нашаніўскіх адраджэнцаў у яго верхніх паверхах. Дзеля гэтага яму і надаецца аўтарам рэцэнзіі годнасьць „песьняра чыстае красы“. Такім чынам апраўдаліся словы самога М. Багдановіча аб тым, што „хваробы лечаць і атрутамі“: тое, што раней было прынята за „дэкадэншчыну“,