Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тоўнасьці творчасьці М. Багдановіча і на іх чаканьне вызнаньня ад іншых чытачоў і крытыкаў асобнага месца за поэтаю. У гэтым дачыненьні характэрна выражэньне „трэба паставіць“, бо ён „даў нам...“, а „трэба паставіць“ — гэта яшчэ ня значыць „займае“, як і другое — „даў нам спробак“ — ня значыць „стварыў“ поэзію „штукарства для штукарства“, як азначае Гмырак кірунак мастацтва для мастацтва. Вядома, сьцьвярджаць гэта апошняе было рызыкоўна, бо можна было лёгка памыліцца, як гэта было з „верхняпалатаўцамі“ наконт „дэкадэншчыны“, і Л. Гмырак абмяжоўваецца фактычна зазначэньнем на задачу крытыкі ў дачыненьні вызначэньня творчасьці М. Багдановіча і ўтварэньня сталага паняцьця аб ёй і поэце.

Пасьля выхаду „Вянка“ ў сьвет разьвязаньне гэтай задачы і бярэ на сябе якраз „верхняпалатавец“ А. Луцкевіч, зьмяшчаючы ў „Нашай Ніве“ (№ 8 за 1914 год) пад ініцыяламі Г. Б. рэцэнзію на „Вянок“ пад назваю „Пясьняр чыстае красы“, у якой выпраўляе памылкі „верхняпалатаўцаў“ тым, што імкнецца як–бы асвоіць М. Багдановіча і яго творчасьць з іх паняцьцямі аб вялікай годнасьці поэзіі і іх эстэтычнымі густамі.

„М. Багдановіч, — піша А. Луцкевіч, — сьвядомы поэта: ён ня толькі пачувае красу, — ён яе разумее. І каб пераказаць нам яе — падбірае такія словы і абразы, што папраўдзе выклікаюць у нашай душы шчыры отклік. Усё ў яго выходзіць у такіх мяккіх тонах, быццам на старых тканінах гобэленах; усё сагрэта шчырым пачуцьцём ды ўсё гэта жыве, выдаецца рэальным“.

„Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па–свойму. І лёгка ліюцца яго вершы кунштоўнай філіграннай работы, а кожын формаю падходзіць да думкі. Думак тых — багата, і вось бачым у „Вянку“ вершы такой формы, такой будовы, — часта вельмі рэдкай, — якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя народы з найвышэй разьвітай літаратурнай мовай; здаецца, калі–б наш „пясьняр красы“ меў толькі адну мэту паказаць, што беларуская мова можа разьвівацца як мова літаратурная, дык ён гэтай мэты дайшоў“.

„Вянок“ — гэта праўдзівая пэрла ў беларускай поэзіі. Раўнаваць Багдановіча з кім ня будзем: не затым, што няма лепшых поэтаў (бо такія ёсьць), але затым, што ён ні да кога не падобны. Яго дума замкнёная ў сабе, жыве ў нейкім асаблівым сьвеце, у сьвеце іншае красы і шчырае поэзіі, ды толькі праз яе глядзіць на нашае жыцьцё — рэальнае, цяжкое, поўнае змаганьня і бязупыннае працы. І як у летні гарачы дзень у крыстальна чыстай крынічнай вадзе асьвяжаецца наша цела, так асьвяжае душу поэзія Максіма Багдановіча“.

Такім чынам, на падставе разуменьняў аб М. Багдановічы, поэце сьвядомым, што разумее красу і для перадачы яе падбірае адпаведныя словы і вобразы, што ўмее ўсё ажывіць, ператварыўшы па–свойму і што не падобны ён „ні да кога“ сваім складам, А. Луцкевіч надае поэце годнасьць „песьняра чыстае красы“ і тым самым канкрэтна вызначае тое асобнае месца, пра патрэбу паставіць на якое М. Багдановіча казаў ужо Лявон Гмырак.

З другога боку, той–жа характарыстыкаю мастацтва М. Багдановіча вызначаецца як „кунштоўная філігранная работа“ над вершам, над падборам слоў і вобразаў, г. зн. над літаратурнаю моваю і стылем, што адпавядаюць думкам і пачуцьцям поэты і тым разуменьням красы, выражальнікам якіх у даным выпадку зьявіўся аўтар рэцэнзіі.

У сваю чаргу, пачуцьці поэты адзначаюцца як шчырыя і такія, што „ўсё саграваюць“, а думкі — як багатыя, „замкнёныя ў сабе“ і такія, што жывуць „у сьвеце іншае красы і шчырае поэзіі, праз прызму