Старонка:Бабарэка Багдановіч.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

формах дапасоўваліся да творчасьці М. Багдановіча.

Гэтым і абмяжоўваецца гісторыя нягласных разуменьняў аб творчасьці М. Багдановіча, выяўленых ува ўспамінах пра поэту пасьля яго сьмерці. Яна паказвае на тое, што творы поэзіі зьяўляюцца асноваю для змаганьняў разуменьняў наконт поэзіі наогул, якія пануюць у той ці іншы час у пэўным асяродзьдзі. Адсюль ацэнкі, выражаныя выяўна або гласна, у пэўнай меры могуць разглядацца як вынікі гэтага змаганьня і перамога адных над другімі ў той ці іншы момант. З другога боку, наяўнасьцю нягласных разуменьняў аб тых ці іншых творах да некаторай ступені вызначаюцца формулы ацэнак гласных або выяўных.

Як выўялена з вышэйпаданага, ужо ў зьмест нявыяўных разуменьняў аб творах М. Багдановіча ўваходзіла, з аднаго боку, вызнаньне за М. Багдановічам пісьменьніцкага таленту, якое потым ў выяўных формах выразілася ў вызнаньні за ім годнасьці песьняра, поэты і мастака, а з другога боку, усьведамленьне ці, праўдзівей, уяўленьне аб творах яго як выяўленьні некаторага кірунку ў поэзіі, адзначанага ў гэтых разуменьнях „дэкадэншчынаю“, „недлянароднасьцю“, „безьзьмястоўнасьцю“, „спробнасьцю“, і ў той жа час матываванай выражальнасьцю значных пачуцьцяў (вялікі сум за абнядолены беларускі народ — у разуменьні А. Цітова). Усё гэта для крытыкі выяўнай давала падставу для такога вызначэньня М. Багдановіча ў ацэнках крытыкі, якое ў поўнай меры сынтэзавала–б падобныя разуменьні і ў той–жа час ня выключала–б магчымасьці яго пашырэньня, паглыбленьня і канкрэтызацыі пры далейшым разьвіцьці як поэзіі, так і крытычнае думкі, гэтай надбудовы над першаю. Падобнае вызначэньне і было высунута крытыкаю яшчэ пры жыцьці поэты ў выглядзе палажэньняў: 1) аб асобнасьці месца М. Багдановіча сярод іншых беларускіх поэтаў, 2) аб „мастацтве для мастацтва“ або „пясьнярстве чыстае красы“ як кірунку яго поэзіі. Гэтымі палажэньнямі пакрывалася і паняцьце „навіны“ вершаў М. Багдановіча, якое было высунута самім аўтарам у яго артыкулах–аглядах беларускага прыгожага пісьменства.

Гонар пяршынства ў выяўленьні гэтых палажэньняў у беларускай крытыцы належыць Л. Гмыраку (Бабровічу) і Антону Навіне (А. Луцкевічу). Першы з іх у нарысе „Беларускае нацыянальнае адраджэньне“ адзначае М. Багдановіча наступным чынам: „асобна ад другіх трэба паставіць поэта М. Багдановіча, каторы шмат даў нам тыповых спробак поэзіі „штукарства для штукарства“[1]. Характэрна сама форма Гмыракова вызначэньня месца М. Багдановічу ў беларусім нацыянальным адраджэньні. Багдановіч „даў нам шмат спробак поэзіі „штукарства для штукарства“, а дзеля гэтага яго трэба паставіць асобна ад другіх — так разважае Л. Гмырак і ў сваім нарысе сапраўды ставіць яго „асобна“, бо прыведзенаю выняткаю і абмяжоўваецца ўся характарыстыка М. Багдановіча ў гэтым нарысе. Значэньне такой характарыстыкі зводзіцца фактычна да вонкавага выражэньня поглядаў на творчасьць М. Багдановіча, блізкіх да тых, нашэльнікамі якіх была „верхняя палата“ рэдакцыі „Нашае Нівы“, з тэй толькі розьніцаю, што ў нявыяўных формах гэта творчасьць азначалася спачатку як „дэкадэншчына“, а тут у выяўнасьці „як спробкі поэзіі „штукарства для штукарства“, на падставе чаго і заключаецца аб патрэбе паставіць М. Багдановіча асобна ад другіх. Гэта характарыстыка паказвае на няўпэўненасьць некаторых адраджэнцкіх нашаніўскіх колаў у каш-

  1. „Вялікодная пісанка“, 1904 — 1914 г. Вільня.