Старонка:Асновы дзяржаўнасці Беларусі.PDF/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


ёсьць у беларусаў і цяпер, захаваныя глыбока ў народных масах, - і вось чаму нашая дзяржаўнасьць (гаспадарсьцьвенасьць) павінна апірацца на дэмакратычных элемэнтах краю.

Беларусы - гэта бадай адзіны народ (мо толькі апрача палякоў), які з прадвечных часоў жыве ў сваёй старонцы, ніскуль сюды ня прыходзіў, дык і не набраўся чужацкіх элемэнтаў. З гэтае прычыны паводлуг сваіх гістарычных і этнаграфічных неразборліва беларусы становяць найбольш чыстае славянскае плямя, захаваўшае і зьнерхны выгляд славяніна, і шмат адзнак яго псыхікі і быту.

Жаданьне абудаваць сваю дзяржаўную незалежнасьць, уменьне бараніць яе, жаданьне дайсьці вольнага дэмакратычнага ладу - вось асноўныя рысы гістарычнае мінуўшчыны Беларускага народу. І мы ня ведаем другога славянскага плямя, у якога гэта рыса выяўлялася-бы ярчэй, чымся ў нашых прашчураў.

II.

Першае, аб чым нам апавядае нашая найстарэйшая летапісь, гэта тое, што на абшары цяперашняе Беларусі жылі тры родныя сабе пляменьні: Крывічы, Дрыгвічы і Радзімічы. Першыя жылі ўздоўж верхняе Дзьвіны і верхняга Дняпра; другія занімалі ваколіцы ўздоўж Прыпяці, трэція - землі, праз якія цячэ Сож. Навукай этнаграфіі, філёлёгіі і гісторыі цяперана ўжо цьвёрда даведзена, што гэныя тры пляменьні ўжо ў тыя часы ня розьніліся між сабой ані мовай, ані правам сваім ані рэлігійнымі абрадамі, ды ўсімі гэтымі супольнымі адзнакамі вельмі розьніліся ад пляменьняў, якія становяць пачатак Маскоўскага і Украінскага народаў. Першыя запісаныя асобеннасьці беларускае мовы сягаюць VII сталецьця. Частка плямя Дрыгвічоў у часе перасяленьня народаў пакінула свой край, прабілася на Балканскі паўостраў і пасялілася навакол Салонік. Грэкі называлі іх Другувітамі. Мовы Другувітаў навучыліся сьв. Кірыла і Мефодзій.

Сьпярша кожнае з беларускіх пляменьняў жыло сваім асобным жыцьцём. Калі ў другой палавіне IX сталецьця ў Кіеве тварылася гаспадарства 'Русь', дык беларусы папалі ў яго пазьней, чымся ўсе другія. Спаміж беларусаў першая ўвайшла ў склад Русі Смаленская часьць Крывічоў. У Дрыгвічоў быў свой князь, у Полацкіх Крывічоў - так сама асобны князь, Рагвалод. Толькі сьв. Валадзімір ў другой палове X сталецьця зваяваў Полацак, забіў Рагвалода і ўзяў сабе за жонку дачку яго. Але навет і гэты князь ня здолеў удзяржаць Палачан у пакорнасьці Кіеву і даў ім за князя свайго сына, унука Рагвалодава. Цікаўна, што пад той час, як усе "рускія" землі прызнавалі княжы род Рурыковічаў, Полацкае князьства мела сваіх асобных князёў з роду Рагвалода. Гэта дзівіла і старабытнага летапісца. Дый другія часьці ня доўга аставаліся пад Кіевам: кіеўскія князі ўжо ў канцы X сталецьця былі прымушаны даць асобных князёў Дрыгвічом і Смаленскім Крывічом.