96.Парою (суткамі) наз. працяг часу, у каторым зямля скончвае свой абарот кругом свае восі (24 гадзіны).
97.Месяцам наз. працяг часу, у каторым месяц (луна) скончвае поўны абарот кругом зямлі (29 дзён 12 гадзін 44 хвіліны).
У вылічаньні часу, аднак, згадзіліся лічыць за месяц дванаццатую частку соўнечнага году, ці 30 дзён.
98.Годам наз. працяг часу, у каторым зямля скончвае поўны абарот кругом сонца (365 дзён 5 гадзін 48 хвілін 50 сэкундаў).
У нашым годалічэньні годы лічацца ад Нараджэньня Хрыста (Каляд). Усякі чацьвёрты год ад Н. Х. назыв. прыбытовым, або высакосным, пераступным.
Каб даведацца, ці будзе дадзены год прыбытовы (высакосны), трэба яго дзяліць на 4; калі ён разьдзеліцца на 4 без астачы, дык ён прыбытовы (высакосны).
Годалічэньне, па катораму кожны чацьвёрты год прымаецца за прыбытовы (высакосны), наз. юліянскім годалічэньнем або старым стылем. Яно было заведзена Юліем Цэзарам (45 г. да Н. Х.), каторы пастанавіў лічыць у годзе 365 дзён і 6 гадзін роўна.
У заходняй Эўропе прынята годалічэньне, па катораму ня кожны чацьвёрты год бывае прыбытовым (высакосным). Гэта годалічэньне наз. грыгорыянскім або новым стылем. Яно было заведзена папаю Грыгорам ХІІІ (у 1582 г. па Н. Х.), каторы лічыць больш праўдзіва год у 365 дзён 5 гадзін 48 хвілінаў 50 сэкундаў.
Розьніца паміж старым і новым стылем у тым, што па юльянскаму годалічэньню ўсе гады вякоў бываюць прыбытовымі (высакоснымі); па грыгорыянскаму-жа годалічэньню толькі тыя годы вякоў прыбытовыя (высакосныя), ў каторых лік вякоў дзеліцца без астачы на чатыры.