Перайсці да зместу

Старонка:Арка над акіянам (1932).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



Ці ня ў гэтым зацяжным бяссоньні віна
і прычына гулянак трывожна-нясьмелых…
Каб галоўныя часткі ў машыне адняць,
трэба мець і навуку, і спрыт, і умеласьць.

Акрамя машыніста дагэтуль ніхто
незнаёмы з дэталямі новай машыны, —
вось чаму навальніцай кляновых лістоў
падазронасьць апала над імем Яцыны.

Пазладзейску ён жвавы, на ўсё дабіўны:
адначасна на любасьць і воражасьць здатны.
Як-жа дзейнасьць яго назаўсёды спыніць,
як-жа першую спробу зрабіць і астатняй?!

Мы паклічам грамадзкасьць, як грозных ваяк,
на вялікую бойку пачуцьцяў — на мітынг:
дзе узгоднена сэрцы пульсуюць у такт,
там дазнаем фальшывыя пульсы у рытмах.

Станем зорка і пільна за працай сачыць,
загартуем цьвярдзей у змаганьні упартасьць;
не даверым Яцыну ад складу ключы,
ля машыны паставім надзейную варту.

А калі атрымаем навочны даказ, —
гнеў працоўных узьвіхрыць маланкамі буру,
хай ня жджэ тады літасьці вораг ад нас:
дасьць праўдзівую кару яму дыктатура.