|
Лёгкім крокам вясны надыходзіла ноч,
ахінала крылом незнаёмым;
цені гонкія дрэў шалясьцелі ля ног,
спавівалі нэрвовай утомай.
Даўкі водар красы з багуністых амшар
напаіў утаймованым шалам,
і замоўклі лясы і палеткаў абшар
і работа на ноч замаўкала.
Толькі ў клюбе расьлі ўсё мацней галасы,
разгараліся шумныя спрэчкі:
цяжка гневу агні у грудзёх пагасіць
так, як гаснуць пад ветрамі сьвечкі.
Але дзень ужо зноў у вакно бразгатаў,
заклікаў да імклівасьці новай
і патухлі агні, слова ўзяў сакратар
для заключнай высноўнай прамовы.
Сакратар ячэйкі:
Дарагія таварышы!.. Струджаны лёс
нас паклікаў усіх на вялікую працу.
Мы кляліся краіны узмоцніць узрост,
дык і будзем нязьменна яго дабівацца.
Але вораг ня ўрымсьціцца покуль жывы,
не пакіне да сьмерці рабіць перашкоды…
Досыць прыкладаў чулі сягонячы вы
пра завадную дзейнасьць у нас на работах.
Хтосьці часта у змроку наведвае склад,
хтосьці ўночы блукае, як здань, ля машыны…
Я спачатку казаў, як рабіў свой даклад,
што ня сьпіцца найбольш інжынэру Яцыну.
|