Старонка:Апошні з магікан.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

страшэннае выццё, што нават у Дункана ўся кроў хлынула да сэрца. З хвіліну здавалася, быццам усе д’яблы пекла напоўнілі паветра, што абкружала падарожнікаў, і віліся каля іх, выліваючы сваю лютую злосць у дзікіх крыках.

Жахлівае выццё неслася з усіх бакоў.

Перапалоханым людзям здавалася, што бязладныя енкі чуліся ў гушчары лесу, у пячорах каля вадапада, сярод скал, несліся з рэчышча ракі, падалі з неба. І вось пад гукі гэтага пякельнага шуму і гаму Давід выпрастаўся на ўвесь свой высокі рост, прыклаў рукі да абодвух вушэй і ўскрыкнуў:

— Адкуль узялася гэтая какафонія? Быць можа, расчыніліся пякельныя скляпенні? Чалавек не адважыўся-б выкрыкваць такія гукі!

Яго неасцярожны рух выклікаў залп стрэлаў з процілеглага берагу. Няшчасны настаўнік спеваў без прытомнасці паваліўся на месца, якое служыла яму ложкам у часе яго доўгага сну. Магікане смела адказалі крыкамі на ваенны кліч сваіх ворагаў, якія, глянуўшы, як паваліўся Гамут, завылі ад радасці. Пачалася жвавая перастрэлка; але абодва варожыя бакі былі настолькі вопытнымі, што ні на момант не пакідалі прыкрыцця. З вялікім напружаннем Дункан прыслухоўваўся, спадзеючыся выявіць гук вёслаў, ён думаў, што астаўся толькі адзін сродак выратавання — уцякаць. Рака па-ранейшаму каціла свае хвалі міма круч, але чаўна не было відаць на чорнай вадзе. Хейвард ужо стаў думаць, што разведчык бязлітасна кінуў іх, як раптам на скале пад яго нагамі