Старонка:Апошні з магікан.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

магла-б ашукаць яе. Аднак, усё было спакойна. Нарэшце, месяц зайшоў; над верхавінамі дрэў з’явілася ружовая палоска і апавясціла аб надыходзе дня.

Тады Сакалінае Вока ўпершыню заварушыўся, папоўз удоўж кручы і разбудзіў Дункана, які моцна спаў.

— Пара ў дарогу, прашаптаў паляўнічы, — разбудзіце дзяўчат і, калі я падвяду човен да зручнага месца, падрыхтуйцеся спусціцца да ракі.

— А ноч прайшла спакойна? — запытаў Хейвард. — Мяне змарыў сон і перашкодзіў пільнаваць.

— Так, і цяпер усё ціха, як было ў поўнач. Але цішэй! Маўчыце і хутчэй рыхтуйцеся. — І разведчык пайшоў да чаўна.

Дункан апрытомнеў ад сну і адкінуў шаль, што прыкрываў дзяўчат, якія спалі.

— Кора! Аліса! сказаў ён. — Прачніцеся, пара ў дарогу!

Адчуўшы гэты рух, Кора падняла руку, нібы адштурхваючы кагосьці, Аліса-ж замармытала сваім пяшчотным галаском:

— Не, не, дарагі папа, нас не пакінулі, з намі быў Дункан!

— Так, Дункан тут, — усхвалявана прашаптаў юнак, — і пакуль ён жывы і пакуль пагражае небяспека, ён цябе не пакіне. Кора! Аліса! Уставайце! Нам час — у дарогу!

Раптам Аліса ўскрыкнула праразлівым голасам, Кора-ж ускочыла і выпрасталася на ўвесь рост. Не паспеў маёр сказаць слова, як пачулася такое