Старонка:Апошні з магікан.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Слухайце, — спыніла яго Аліса.

Але ёй не трэба было спыняць маёра: зноў пачуўся той-жа гук. Як відаць, ён узняўся з ложа ракі і, вырваўшыся з вузкіх, сціскаўшых яе круч, вагаючыся, пракаціўся па лесе і замёр недзе далёка-далёка.

— Як можна назваць такі енк? — запытаў Сакалінае Вока, калі апошні водгук страшнага енку загубіўся ў лясной глушы. — Калі хто-небудзь з вас разумее, у чым справа, няхай скажа. Я-ж лічу, што гэта нешта звышнатуральнае.

— У такім выпадку тут знойдзецца чалавек, які здолее пераканаць вас у тым, што ў гэтым крыку няма нічога звышнатуральнага, — сказаў Дункан. — Гэтыя енкі добра знаёмыя мне, бо я іх чуў на полі бітвы пры акалічнасцях, якія нярэдка сустракаюцца ў жыцці салдата. Гэта — крык каня. Іншы раз боль вырывае крык з яго горла, а іншы раз — жах. Як відаць, мой конь зрабіўся здабычай драпежных звяроў або-ж ён бачыць небяспеку, якой не ў сілах унікнуць. Я мог не пазнаць гэтых енкаў, пакуль знаходзіўся ў пячоры, але на адкрытым паветры не магу памыліцца.

Разведчык і яго таварышы з напружанай увагай прыслухоўваліся да простага тлумачэння Дункана.

— Хуг, — прамовілі магікане, калі ісціна асвятліла іх розум.

Сакалінае Вока падумаў крыху і адказаў:

— Я не магу адмаўляць справядлівасць вашых слоў, бо дрэнна ведаю коней, хоць іх тут нямала. Мабыць, на беразе, над іх галовамі, сабраліся