Старонка:Апошні з магікан.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адбылося кароткае, нібы няёмкае маўчанне якое нарушыў разведчык, прапанаваўшы падарожнікам увайсці ў пячору.

— Агонь разгараецца вельмі ярка, — сказаў ён, — і, мабыць, пакажа мінгам наш прытулак. Ункас, апусці коўдру, гэта схавае агонь. Частуйцеся! Вядома, перад вамі не такая вячэра, якую мае права чакаць маёр каралеўскай арміі, але мне даводзілася бачыць, як многія ваенныя з прыемнасцю глыталі сырое мяса, нават без усякай прыправы. А ў нас ёсць соль. Вось свежыя галінкі сасафраса. Няхай дамы прысядуць на іх; вядома, гэта не тое, што крэслы, абабітыя свіной скурай, але галіны маюць лепшы пах, чым свіння, няхай яна будзе дзікай ці якой іншай. Ну, прыяцель, не тужыце па жарабяці; гэта было нявіннае стварэнне і яшчэ не паспела спазнаць смутку. Смерць выратавала яго ад шмат якіх непрыемнасцей, ад драпін на спіне, ад натруджаных ног.

Між тым Ункас выканаў загад разведчыка.

Голас Сакалінага Вока змоўк, і грукат вадапада загучэў, нібы раскат далёкага грому.

— Ці не з’яўляецца небяспечным аставацца ў гэтай пячоры? — запытаў Хейвард. — Ці не пагражае нам тут раптоўны напад? Стоячы-ж каля выхаду, адзін чалавек можа трымаць нас у сваіх руках.

З цемрыва вынырнула постаць, падобная да ўваплашчэння смерці, спынілася каля разведчыка і, узяўшы галавешку з агнём, асвяціла ёю аддалены канец вузкай пячоры. Аліса ўскрыкнула, і нават смелая Кора ўскочыла пры з’яўленні стра-