Старонка:Апошні з магікан.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бачыць бляск яго вачэй, палохаючых і разам з тым спакойных, смелыя рысы гордага твара, не сапсаванага фарбамі, благародную вышыню яго ілба і прыгожую форму галавы, выбрытай да макушкі і ўпрыгожанай доўгім пучком валасоў. Дункан, Давід і дзяўчаты ўпершыню разгледзелі Ункаса. Аліса глядзела на яго адкрыты твар і гордую асанку, як яна разглядала-б каштоўную статую, апрацаваную разцом старажытных грэкаў і цудам ажыўшую.

— Я магла-б спакойна заснуць, — прашаптала яна, — ведаючы, што такі бясстрашны і, як відаць, вялікадушны вартавы ахоўвае мяне. Я ўпэўнена, Дункан, што лютыя забойствы і пакутныя катаванні, пра якія мы так часта чуем і чытаем, не робяцца ў прысутнасці людзей, падобных да Ункаса.

— Я згодзен з вамі, Аліса, — адказаў Хейвард. — Мне таксама здаецца, што такі лоб і такія вочы здольны ўнушаць страх, але не ашукваць; аднак, не будзем памыляцца; мы павінны чакаць ад яго толькі праяўлення тых вартасцей, якія лічацца дабрадзейнымі сярод чырвонаскурых. Між іншым, сустракаюцца выдатныя людзі і сярод белых і сярод індзейцаў; будзем-жа спадзявацца, што гэты малады магікан не расчаруе нас і давядзе, што яго вонкавы выгляд не ашукальны, што ён сапраўды храбры і заўсёдны прыяцель.

— Цяпер маёр Хейвард гаворыць так, як яму і належыць гаварыць, — заўважыла Кора. — Хто, гледзячы на гэтае стварэнне прыроды, можа ўспомніць аб колеры яго скуры?